Свабода слова для «сваіх» і «чужых»: HrodnaMediaRoom запрашае на дыскусію з Віталём Цыганковым
Новы сезон сустрэч з цікавымі людзьмі адкрываецца ў HrodnaMediaRoom. Тэма першай дыскусіі гучыць так: “Свабода слова для "сваіх" і "чужых": паміж каштоўнасцю, адказнасцю і небяспекай».
Незалежныя медыя і дзяржаўныя, нацыянальна арыентаваныя і прарасейскія — ці з’яўляецца свабода слова безумоўнай каштоўнасцю для ўсіх? Дзе грань паміж свабодай выказвання, прапагандай і абаронай нацыянальных інтарэсаў? Ці можна апраўдаць вайну ў інтэрнэце, калі на кану — незалежнасць краіны?
Пра гэта гарадзенцы змогуць паразмаўляць з вядомым беларускім журналістам, супрацоўнікам Радыё «Свабода» Віталём Цыганковым.
Сустрэча адбудзецца ў Цэнтр гарадскога жыцця (Савецкая, 3) 19 красавіка, пачатак у 18.30.
Уваход вольны.
Даведка. Віталь Цыганкоў нарадзіўся ў 1969 годзе. Паводле пашпарту – у Мінску, але на самой справе – у Шчучыне, у раддоме на плошчы Свабоды. Скончыў журфак БДУ. Працаваў у “Знамени Юности”, “Звяздзе”, газеце “Свабода”, карэспандэнтам Associated Press, “Независимой газеты”, “Джы-джы прэс”. Быў адным з заснавальнікаў БелаПАНа. Ад 1994 года працуе на “Радыё Свабода”.