Барысаўскі журналіст дамогся, каб артыкул, які ганьбіць яго імя, быў выдалены
На старонках газеты “Адзінства” — друкаванага органа Барысаўскага райвыканкама — 4 красавіка 2018 года быў апублікаваны артыкул “Мужик сказал, мужик… не сделал, или несколько слов о пустозвонстве”. Аўтар публікацыі — галоўны рэдактар “Адзінства” Вера Пратасевіч. У выразах і параўнаннях, якія “герой” матэрыяла палічыў зняважлівымі, яна распавяла як барысаўскі журналіст хадзіў на прыём да старшыні райвыканкама Генадзя Дзенгалёва.
Назаўтра, 5 красавіка, гэтая публікацыя з’явілася на сайце раённай газеты.
Праз некалькі дзён Павел Сляпухін накіраваў у рэдакцыю “Адзінства” патрабаванне абвергнуць звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, ганьбяць яго гонар і годнасць, а ў Міністэрства інфармацыі — скаргу з просьбай вынесці пісьмовае папярэджанне дзяржаўнай раённай газеце.
Яшчэ большае абурэнне Сляпухіна выклікалі каментары да артыкула, якія неўзабаве пачалі з’яўляцца пад артыкулам за подпісам “Автор” і “Вера Н. Протасевич”. Чалавек, які іх пісаў, перайшоў да адкрытых абразаў і пагрозаў. Тады журналіст патэлефанаваў у мінінфарм. Спачатку ён меў размову з намеснікам, а ў суботу 14 красавіка і з міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам.
У выніку спачатку каментары, а пасля і сам спрэчны артыкул з сайта газеты “Адзінства” былі выдаленыя. Ці стала гэта вынікам нейкіх указанняў зверху, ці гэта было зроблена самастойна рэдакцыяй “Адзінства” — невядома. Тым не менш, выніку журналіст Павел Сляпухін дабіўся.