Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу блогера, пакаранага “за кармленне галубоў”
Блогер Аляксандр Кабанаў прасіў суд вышэйшай інстанцыі адмяніць рашэнне суда Бярозаўскага раёна ад 29 сакавіка, згодна з якім ён быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь (980 рублёў).
Суд у Бярозе палічыў, што Кабанаў браў удзел “у несанкцыянаванай масавай акцыі”, калі 18 сакавіка рабіў анлайн-трансляцыю ў сацыяльных сетках з плошчы Леніна ў Брэсце, дзе мясцовыя жыхары, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, збіраюцца кожную нядзелю, каб пакарміць галубоў і абмеркаваць свае далейшыя захады.
Аляксандр Кабанаў не пагадзіўся з адміністрацыйным пратаколам, складзеным на яго супрацоўнікамі міліцыі, бо перакананы, што ні ў якім несанкцыянаваным мерапрыемстве не ўдзельнічаў і не лічыць кармленне галубоў такой акцыяй.
“Акрамя таго, у Канстытуцыі гаворыцца пра тое, што грамадзяне маюць права свабодна выказваць сваё меркаванне па тым ці іншым пытанні”, — адзначыў блогер з Бярозы.
Тым не менш, Брэсцкі абласны суд адхіліў скаргу Аляксанда Кабанава і пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў.