Архівы «Калыханкі» знішчаныя на БТ? Гэта няпраўда. Але легендарныя цацкі адпраўленыя на сметнік
Журналісты «Белсата» у сацыяльных сетках паведамілі, што на БТ знішчаныя архівы «Калыханак» — маўляў, фрагмент старога выпуску атрымлася знайсці ў прыватнай асобы, а не на канале.
«Наша ніва» звярнулася па тлумачэнне непасрэдна да аўтараў такога сцвярджэння і на БТ.
У прэсс-службе Белтэлерадыёкампаніі нас запэўнілі, што нічога не знішчана.
«Архіўныя запісы «Калыханкі» знаходзяцца на розных носьбітах, якія зараз алічбоўваюцца. А фонд папаўняецца новымі выпускамі ў фармаце HD», — сказала прэс-сакратар Святлана Смалонская.
Адкуль жа ўзніклі такія чуткі? Гэта патлумачыў рэдактар белсатаўскай праграмы «Кожны з нас» Яўген Валошын.
«Сапраўды, сцвярджэнне пра выдаленне архіваў было эмацыйным перабольшваннем.
Справа ў тым, што мы запрашалі на праграму людзей, якія ў свой час рабілі «Калыханку», былі яе «звярамі». І прагучалі дзікія гісторыі, што знішчаныя легендарныя цацкі: Цімошка, Буслік, воўк Вова. Іх проста выкінулі на сметнік, а не аддалі ў музей, напрыклад. Таксама мы спрабавалі атрымаць з архіваў запісы калыханак, але нічога не атрымалася і я зрабіў няслушную выснову, што знішчаныя і архівы. Я ўжо звязаўся з дырэктарам дырэкцыі фондавых праграм «Белтэлерадыёкампаніі» Алай Вярэніч, яна запэўніла, што і «Калыханка», і «Запрашаем на вячоркі», і іншыя культавыя праграмы свайго часу не знішчаныя. Не ўсе яны алічбаваныя, магчыма, не ўсе выпускі захаваліся, але дакладна мэтанакіравана нічога не знішчалася. Таму калі каго пакрыўдзілі недакладнасцю, то выбачаемся і папраўляемся.
Што тычыцца знішчэння легендарных цацак з «Калыханкі» (Цімошкі, Бусліка, ваўка Вовы), то гэта інфармацыя дакладная і мае пацверджанні ад першакрыніц, якія заявілі пра гэта ў нашым эфіры. Іх напаткаў такі ж лёс, як і Дзеда-Барадзеда, якога работнікі БТ выкінулі на сметніцу і ніхто больш яго не бачыў», — сказаў нам Валошын.