• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Парламент запрашае БАЖ, TUT.BY, Onliner і іншыя суб’екты на абмеркаванне паправак у заканадаўства аб СМІ

    Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў на правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ запрасіла прадстаўнікоў беларускага медыясектару на пасяджэнне рабочай групы па дапрацоўцы да другога чытання праекта зменаў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/deputaty_1_0.jpg

    Афіцыйнае запрашэнне ад Палаты прадстаўнікоў 4 траўня атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

    Таксама ў якасці адрасатаў у запрашэнні пазначаныя Міністэрства інфармацыі, Савет Рэспублікі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, кампанія “Гавары праўду”, Беларускі саюз журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Нацыянальная тэлерадыёкампанія, рэдакцыя газеты “Советская Белоруссия”, ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”, ААТ “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” і Onliner.by.

    — Для ўсіх зразумела, што кіраванне інтэрнэтам — гэта спалучэнне інтарэсаў дзяржавы, грамадства і бізнесу, а не аднабаковае рэгуляванне з боку дзяржавы. Таму мы вітаем правядзенне такой рабочай групы і спадзяемся, што меркаванне прадстаўнікоў медыясектару будзе пачутае пры дапрацоўцы законапраекта, —  заявіў Прэс-службе БАЖ старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец.

    Пасяджэнне рабочай групы ў Палаце прадстаўнікоў запланавана на 8 траўня а 10:30.

    Нагадаем, што 19 красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў першым чытанні. Перад гэтым Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі папрасіла Беларускую асацыяцыю журналістаў выказаць свае заўвагі і прапановы адносна законапраекта.

    Заўвагі і прапановы БАЖ былі накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў 9 красавіка, аднак адпаведная камісія да гэтага часу так і не разгледзела дакумент.

    Пасля гэтага Беларуская асацыяцыя журналістаў яшчэ раз накіравала свае заўвагі і прапановы адносна паправак у закон аб СМІ цяпер ужо кожнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў. Таксама кожнаму дэпутату парламента БАЖ накіраваў прапановы прадстаўнікоў беларускай медыясупольнасці.

    Фота «Еўрарадыё»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці