У Гродне праходзяць фотавыстава і паказы фільма “Беларускія Остарбайтэры: вяртанне ў жыццё”
У гродзенскай харальнай сінагозе 6 траўня адбыўся прэм’ерны паказ фільма “Беларускія Остарбайтэры: вяртанне ў жыццё”. Таксама распачалася фотавыстава з аналагічнай назвай.
Фільм і фотавыстава рэпрэзентуюць гісторыі і партрэты рэальных сведкаў Другой Сусветнай вайны — людзей, якія былі вывезеныя з Беларусі ў Германію і іншыя еўрапейскія краіны на прымусовыя працы.
Гэтыя людзі мелі ў сваім жыцці горкі і траўмуючы досвед: сталінскі тэрор 1930‑х, нямецкі акупацыйны рэжым, прымусовую высылку ў Германію, да таго ж многія сталі ізгоямі ў СССР.
Фільм грунтуецца на сапраўдных інтерв’ю сведкаў часу, якія былі сабраныя і запісаныя падчас экспедыцый “Беларускага архіву найноўшай гісторыі”.
Гэтыя расповяды дазваляюць кожнаму гледачу скласці сваё меркаванне пра прымусовыя працы ў гады Другой Сусветнай вайны, пра лёсы былых нявольнікаў.
На думку стваральніка фільма, каардынатара праекта “Беларускія остарбайтэры” Андрэя Мастыкі праблеме беларускіх гастарбайтэраў не надаюць ніякай ўвагі ў Беларусі:
— Людзей-“остарбайтэраў” у Беларусі досыць шмат і асноўнымі пытаннямі гэтага праекту быў іх пошук. Ёсць, канешне, арганізацыі вязняў нацыянал-сацыялізму. А тыя, хто прымусова працаваў, не настолькі прыцягваюць увагу ўладаў ці грамадскіх арганізацый. Цяпер жа яны пазбаўленыя ранейшага статуса, не прыроўненыя да ўдзельнікаў ці ветэранаў вайны. Гэта таксама была адна з мэтаў інтерв’ю: актуалізаваць гэтую праблему, паказаць гэтым людзям, што іх памяць нечага вартая. У нас у праекце амаль 70 інтэр’ю: большая частка з іх ужо запісаная.
— Які лёс чакаў гэтых людзей па вяртанні на Радзіму?
— Большасць не патрапілі ў лагеры, калі яны не былі задзейнічаны ў нейкай калабарацыі, але гэтыя людзі праходзілі праз так званыя фільтрацыйныя лагеры, праверкі НКУС, СМЕРШ.
Прадстаўніца нямецкай часткі пректа “Беларускія Остарбайтэеры” Марыя Сідарава-Шпількер з арганізацыі DOM расказвае пра свой унёсак ў працу:
— Паколькі тэма вуснай гісторыі ў Германіі вельмі актуальная, а ў нашым цэнтры ёсць пенсіянеры з былога СССР, мы вырашылі далучыцца да гэтай тэмы. Нямецкая частка працы заключаецца ў папулярызацыі. Тэма людзей, вывезеных на прымусовыя працы, больш вядома на поўначы краіны ў вялікіх гарадах. Толькі нядаўна нашы палітыкі і адміністрацыя пачалі гаварыць пра тое, што гісторыя нашых гарадоў не толькі сярэднявечная, але і сучасная. І былі людзі, якіх вывезлі да нас на прымусовыя працы. Таму наш удзел заключаўся ў тым, каб раскрыць тэму ў баварскім горадзе Ландсхуце.
Першыя прэзентацыі праекта адбыліся ў Нямеччыне 23 красавіка ў Ландсхуце, 25 красавіка была прэзентацыя ў Берліне.
Жыхары Гродна цягам дзвух тыдняў могуць азнаёміцца з фотавыставай “Беларускія Остарбайтэры: вяртанне ў жыццё”.
Фільм і фотавыстава былі падрыхтаваныя дзякуючы арганізацыі “Гісторыка”, сумесна з нямецкай арганізацыяй DOM, пры падтрымцы нямецкага фонда Erinnerung, Verantwortung und Zukunft («Памяць. Адказнасць. Будучыня»).