Мінскі гарадскі суд адмяніў два штрафы журналістам «Белсата»
Марыя Арцыбашава і Сяргей Краўчук паспяхова абскардзілі рашэнне суда Цэнтральнага раёну Мінска, які месяц таму аштрафаваў кожнага з журналістаў на 30 базавых велічыняў (735 рублёў).
2 красавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў журналістку Марыю Арцыбашаву і аператара Сяргея Краўчука за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ — працу без акрэдытацыі на карысць тэлеканала «Белсат».
Учора, 8 траўня, Мінскі гарадскі суд адмяніў гэтае рашэнне.
Рашэнне Мінскага гарадскога суда – гэта другі выпадак паспяховага абскарджання пастановы суду адносна журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».
Марыя Арцыбашава згодна, што сітуацыя ўнікальная, аднак з высновамі пакуль не спяшаецца:
«Каментаваць саму справу рана, бо ў нас на руках няма яшчэ пастановы і мы не ведаем, па якой менавіта прычыне адбылася адмена. Але ж, натуральна, мы шчаслівыя».
Журналістка асабліва ўдзячная Алегу Агееву – юрысту Беларускай асацыяцыі журналістаў, які дапамагаў складаць скаргу ў Мінскі гарадскі суд.
Нагадаем, ад пачатку 2018 года за супрацоўніцтва з «Белсатам» журналістаў у Беларусі ўжо агулам аштрафавалі больш чым на 30.000 рублёў.