• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогераў аштрафавалі за збор подпісаў за адстаўку кіраўнікоў Брэсцкага аблвыканкама

    11 траўня блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў былі аштрафаваныя судом Ленінскага раёна Брэста на 50 базавых велічынь кожны (1 225 рублёў) за “правядзенне несанкцыянаванай акцыі”.

    Падставай стала тое, што 6 мая Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін, а таксама яшчэ адзін жыхар Брэста Дзмітрый Андрасюк збіралі подпісы каля цэнтральнага гарадскога рынка за адстаўку кіраўніцтва рэгіёна, бо яно дазваляе будаўніцтва акумулятарнага завода, супраць якога пратэстуюць мясцовыя жыхары.

    Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін

    Усіх траіх затрымалі супрацоўнікік міліцыі, пасля чаго блогеры амаль суткі правялі ў ізалятары, а на наступны дзень (7 траўня) іх збіраліся судзіць, аднак суд быў перанесены на іншы тэрмін.

    Фактычна збор подпісаў у Беларусі не з’яўляецца забароненым дзеяннем: грамадзяне могуць бесперашкодна збіраць подпісы пад калектыўным зваротам па тым ці іншым пытанні. Аднак на Пятрухіна, Кабанава і Андрасюка былі складзены пратаколы за правядзенне несанкцыянаванай масавай акцыі — пікетавання.

    Кожнага з блогераў судзілі паасобку, а аргументы Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава пра тое, што яны не ладзілі ніякія пікеты, не былі прынятыя судом да ўвагі. Супрацоўнікі міліцыі ў сваіх рапартах сведчылі, што Пятрухін, Кабанаў і Андрасюк раздавалі ўлёткі падчас збору подпісаў.

    “Аднак у судзе было прагледжана відэа, дзе выразна было бачна, што ніякіх улётак мы не раздавалі”, — распавёў Сяргей Пятрухін.

    Збор подпісаў у Брэсце вядзецца за адстаўку старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса, Брэсцкага райвыканкама Уладзіміра Сенчука і Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука, пасля чаго подпісы плануецца накіраваць Аляксандру Лукашэнку.

    “Калі збіралі подпісы супраць дэкрэта № 3 аб дармаедах, была цішыня і міліцыя ніяк не рэагавала. Калі збіралі подпісы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода — таксама ніякай рэакцыі. Як толькі ўзнялі пытанне непасрэдна пра кіраўнікоў мясцовай ўлады, пра іх кампетэнцыі, пра недавер людзей да гэтай ўлады, адразу пайшла імгненная рэакцыя. Гэта азначае, што прынята рашэнне дзесьці на ўзроўні аблвыканкама, каб гэтую сітуацыю спыніць у самым пачатку”, — мяркуе Аляксандр Кабанаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці