Ці пакажуць гродзенскія тэлеканалы пасяджэнні мясцовых дэпутатаў?
Гродзенскія актывісты накіравалі дзяржаўным тэлеканалам “Гродна Плюс” і тэлерадыёкампаніі “Гродна” зварот з просьбай трансляваць у прамым эфіры пасяджэнні Гродзенскага гарвыканкама.
“Жыхары горада маюць права ведаць, чым займаюцца на пасяджэннях нашыя дэпутаты. Як яны абараняюць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў і выбарчых акругаў. Мне, да прыкладу, гэта невядома. Можа, гуляюць на тэлефоне, корпаюцца ў носе, ці проста падымаюць руку без абмеркавання”, — зазначае падпісант звароту, актывіст гродзенскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Банцар.
Ігар Банцар упэўнены, што такіе пасяджэнні не адбываюцца штодня: “Я не думаю, што гэта будзе вялікай напругай для тэлекампаній. Калі яны могуць арганізаваць трансляцыю футбольнага спаборніцтва, то, думаю, маюць магчымасць арганізаваць трансляцыю пасяджэнняў гарсавету”.
Лісты былі дасланыя 21 і 22 траўня 2018 года. Паводле заканадаўства, адказ актывіст мусіць атрымаць цягам бліжэйшага тыдня.
Гэта ўжо не першы зварот з падобным патрабаваннем. 15 траўня актывіст прафсаюза РЭП Анатоль Мышкевіч стварыў петыцыю і збірае подпісы за тое, каб пасяджэнні Гродзенскага гарвыканкама трансляваліся на афіцыйнай сайце ў адкрытым доступе. Перад гэтым гарадскія ўлады пісьмова павыедамілі Мышкевічу, што лічаць яго прапанову немэтазгоднай.