Камітэт дзяржкантролю адрэагаваў на відэасюжэт журналіста-фрылансера
На падставе відэаздымкаў журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці распачаў адміністрацыйны працэс супраць кіраўніцтва “КСУП імя Валадарскага” Кармянскага раёна. Вясковыя кіраўнікі займаліся несанкцыянаваным пахаваннем здохлай жывёлы.
“На пачатку траўня ў вёсцы Барсукі мы наткнуліся на парэшткі цялят і кароў на мясцовай ферме. Яны валяліся проста за кармацэхам. Спрабавалі высветліць, што адбылося, але зрабіць гэта аказалася няпроста. Разыграўся вясковы дэтэктыў з пераследам, пагрозамі, фізічным гвалтам”, – распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі.
Мясцовыя жыхары на ўмовах ананімнасці распавялі журналістам, што жывёла ў саўгасе прападала ад бяскорміцы. Зроблены відэасюжэт “На Гомельшчыне цяляткі дохнуць ад голаду” Жукоўскі накіраваў і ў рэгіянальны Камітэт дзяржкантролю.
На днях журналіст-фрылансер атрымаў ліст з гэтай дзяржаўнай установы, у якім, у прыватнасці, гаворыцца:
“Па інфармацыі, якая прадастаўлена камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама, факт несанкцыянаванага пахавання трупаў жывёлы ў “КСУП імя Валадарскага” ў вёсцы Барсукі Кармянскага раёна пацвердзіўся. У дачыненні кіраўніцтва распачаты адміністрацыйны працэс”.
Кастусь Жукоўскі дадае: “Калі б улады заўсёды прынцыпова ставіліся да праблем, якія ўзнімаюць незалежныя журналісты, а не толькі думалі, як аштрафаваць іх за незаконны выраб прадукцыі СМІ, парадку ў краіне было б нашмат больш”.