• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактарка “Витебского курьера” ўзняла праблему перадруковак аўтарскага кантэнту. У адказ атрымала абразы, але здавацца не збіраецца

    Вольга Радзюк заўважыла, што матэрыялы сайта vkurier.by апошнім часам пачалі перадрукоўваць віцебскія паблікі “Вконтакте”, прычым без спасылак на першакрыніцу. Пасля артыкула на гэтую тэму на інтэрнэт-рэсурсе vitbich.org  выйшаў матэрыял Эльвіры Мірсалімавай са знявагамі на адрас рэдактаркі і “Витебского курьера”.

    “Выбачайце, накіпела!” – напісала Вольга Радзюк на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Рэдактарка “Витебского курьера” абурылася тым, што ў пабліках “Типичный Витебск” (прэзентуе сябе як СМІ) і “Адекватный Витебск” (прэзентуе сябе як інфармацыйны часопіс) рэгулярна з’яўляюцца перадрукоўкі чужых аўтарскіх матэрыялаў.

    У артыкуле, які адлюстроўвае пазіцыю спадарыні Вольгі, гаворыцца: “Паблік «Типичный Витебск» да гэтай пары застаецца самым масавым у горадзе, а значыць, на рэкламе зарабляюць усё болей і болей. Але, каб зарабляць, трэба не згубіць аўдыторыю… І вось ужо прыдумана новая затраўка для публікі – лонгрыд, так званая функцыя “Артыкула ад “Вконтакте”. А тое, што ў артыкул устаўлены чужы тэкст, – гэта не важна, лічаць адміністратары пабліка”. Гэтыя высновы рэдактарака пацвердзіла скрыншотамі, па якіх відавочна: “Типичный Витебск” насамрэч перадрукоўвае тэксты і фотарэпартажы  “Витебского курьера”, прычым у поўным аб’ёме.

    https://vkurier.by/wp-content/uploads/2018/06/kollazh.jpg

    https://vkurier.by/wp-content/uploads/2018/06/kollazh2.jpg

    “З вялікімі цяжкасцямі ўдалося дамагчыся таго, каб хаця б у канцы адміністратары групы падавалі спасылкі на першакрыніцу”, – піша рэдактарка. І тое робіцца далёка не заўсёды, і ўвогуле ўмовы перадруку ў выдання зусім іншыя: перадрук дазволены толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі, пазначана на сайце https://vkurier.by  

    Што да пабліка “Адекватный Витебск”, то нават частковага паразумення дасягнуць не ўдалося: на інтэрнэт-рэсурсе vitbich.org выйшаў тэкст Эльвіры Мірсалімавай, адна назва якога ўжо сведчыць пра “абвяшчэнне вайны” – “Озлобленные курьеры против адекватного Витебска”. З тэксту вынікае, што спадарыня Мірсалімава мае блізкае дачыненне да згаданага вышэй пабліка – яна паведамляе, што ў адказ на прэтэнзіі Вольгі Радзюк са старонкі “Адекватного Витебска” адміністратары  “проста выдалілі пасты з усімі згадкамі “Кур’ера”.

    Але гэтага Эльвіры Мірсалімавай відавочна падалося мала, і ў сваім артыкуле-блогу яна шчодра паліла брудам і заснавальнікаў адной з найстарэйшых дэмакратычных газет Віцебска, і супрацоўнікаў-журналістаў, і нават колішняга распаўсюдніка “Витебского курьера” Барыса Хамайду, які ўжо з дзясятак гадоў таму пакінуў гэтую справу. Дый сам “Курьер” ужо даўно не друкаванае, а інтэрнэт-выданне.

    Спадарыня Мірсалімава шмат разважае пра “замежнае фінансаванне” “Витебского курьера”, пра тэмы, якія закранае выданне, і нават пра тыя, якія не закранае – маўляў, “ці няма палітычнага падтэксту ў гэтым ігнараванні”.

    Рэдактарка “Витебского курьера” кажа, што яе найбольш хвалюе зусім іншы аспект:

    “Мне ўсё адно, якія плёткі пра нас збірае нехта Мірсалімава. І не так цікавіць, на якія грошы існуе сайт “Витьбич”,  вядомы ў Віцебску выразнай антыбеларускай скіраванасцю. Я буду бараніць інтарэсы журналістаў,  якія працуюць над уласнымі матэрыяламі, бяруцца за праблемныя тэмы, часта не маюць выходных, бо  наведваюць шматлікія гарадскія мерапрыемствы. Усё гэта мы робім для нашых чытачоў, а не для таго, каб нехта прысвойваў сабе вынікі нашай працы!” 

    Вольга Радзюк заўважае, што на “прысваенне” чужых тэкстаў віцебскімі паблікамі неаднаразова звяртаў увагу і рэдактар “Народных Навінаў Віцебска” Сяргей Серабро. Па прыклады доўга хадзіць не трэба: у пабліку “Витьбич. Новости Витебска и Витебской области” перадрукаваныя здымкі з “ННВ”, а прозвішча аўтара, пададзенае на сайце, не згадана. Адміністратары суполкі хітруюць: падаюць спасылку на ўласны сайт, які ўжо зрабіў перадрук, а не на першакрыніцу.

    З падобнымі хітрыкамі рэдактарка “Витебского курьера” вырашыла неадкладна змагацца: яна гатовая нават да судоў, калі правы журналістаў іншым шляхам абараніць не ўдасца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці