Віцебская пракуратура ўзнавіла справу пра абразы журналістаў па скарзе Уладзіміра Лунёва
Віцебскі БАЖавец Уладзімір Лунёў здолеў дамагчыся, каб аддзел унутраных справаў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну паўторна заняўся расследваннем акалічнасцяў з’яўлення і распаўсюду відэароліка, у якім невядомыя абражаюць журналістаў і відэаблогерку Алену Янушкоўскую.
Відэаролік, нібыта прысвечаны “выкрыццю фінансавання” тэлеканала “Белсат”, а насамрэч поўны асабістых зняваг, з’явіўся ў інтэрнэце 28 траўня. У роліку згадваліся імёны журналістаў з Віцебшчыны – Алены Шабуні, Вячаслава Лазарава, Віталя Скрыля, Змітра Лупача, грамадскай актывісткі Таццяны Севярынец. Сябра ГА “БАЖ” Уладзімір Лунёў, імя якога было згадана ў абразлівым кантэксце, звярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС. Але праз колькі дзён атрымаў адказ, што справа па ягонай заяве ўжо закрытая: маўляў, адміністрацыйную справу скасоўваюць, бо ў дзеяннях нявысветленай асобы не знойдзена складу правапарушэнняў, якія падпадаюць пад артыкулы 9.3 і 9.2 КаАП.
Уладзімір Лунёў падаў скаргі ў гарадскую пракуратуру і абласное ўпраўленне міліцыі, бо ён перакананы, што відэаролік мае абражальны змест. А што да паклёпу, то ён узведзены персанальна на кожнага з памянёных асобаў. Таму дзеянні стваральнікаў і распаўсюднікаў (а найхутчэй гэта адна і тая самая асоба ці група асобаў) падпадаюць пад згаданыя вышэй артыкулы, дзе прадугледжваецца пакаранне за абразу і паклёп.
Пракуратура адрэагавала на скаргу: у лісце за подпісам намесніка пракурора П.Дамашэўскага горада гаворыцца, што былі прааналізаваны матэрыялы праверкі па справе. Пракуратура выявіла недахопы, прызнаўшы, што праверка, праведзеная ўчастковым інспектарам, была няпоўнай.
Таму матэрыялы былі вернутыя ў райаддзел з указаннямі, што да ўдасканалення працы, узнаўлення справы і дадатковай праверкі.
Уладзімір Лунёў перакананы, што знайсці вытворцу і распаўсюднікаў паклёпніцкага відэароліка з дапамогай сучасных кампутарных тэхналогій не складае вялікай праблемы:
— У скарзе я ўказаў спасылкі на віцебскія паблікі, якія размясцілі відэаролік. Адпаведна, яны распаўсюдзілі паклёпніцкія і абразлівыя звесткі, у сувязі з чым адміністратары мусяць быць пакараныя ў адпаведнасці з заканадаўствам. Таксама я да спасылку на YouTube-канал прыватнай асобы, дзе размешчаны відэаролік. Няцяжка ўстанавіць IP-адрасы кампутараў, з якіх дасылалі гэты ролік, і ўрэшце рэшт спыніць цкаванне журналістаў і грамадскіх актывістаў, якое апошнім часам у Віцебску набірае абароты, — мяркуе Лунёў.
Спадар Лунёў кажа, што падзяліўся з участковым інспектарам і сваімі прыватнымі меркаваннямі пра тое, хто можа быць аўтарам і распаўсюднікам падобнай “кінапрадукцыі” – пэўныя высновы журналісту дазваляе зрабіць яго прафесійная адукацыя відэааператара. Ён лічыць, што паклёпнікаў даўно пара спыніць, бо ў Віцебску ўжо не ўпершыню распаўсюджваюцца абразлівыя відэаролікі пра грамадскіх актывістаў, журналістаў і проста неабыякавых да жыцця горада людзей. Але міліцыя ніводнага разу не знайшла аўтараў і распаўсюднікаў.