У Гродне праходзіць фотавыстава Camino пра шлях пілігрымаў
У гродзенским цэнтры гарадскога жыцця адчынілася выстава фотамастака Элана Лыскова. Выстава прысвечана шляху пілігрымаў у іспанскі горад Санцьяга-дэ-Кампастэла. Шлях Санцьяга (св. Якуба) — гэта старадаўняя дарога пілігрымаў, якая вядзе праз Еўропу ў іспанскі горад Санцьяга-дэ-Кампастэла.
Галоўная частка маршрута праходзіць па поўначы Іспаніі. Пачынаць пілігрымку можна з Іспаніі, Францыі, Германіі, Партугаліі, Вялікабрытаніі або з любой іншай краіны — пытанне ў тым, якую адлегласць гатовы прайсці пілігрым.
— Выстава стваралася ў некалькі этапаў. Найперш была арганізаваная пілігрымка ў Гішпанію. Не вельмі складана было даехаць і прайсці гэту пілігрымку. Здымкі былі спосабам кантакту з людзьмі, спосабом пазнання і сузірання. Нягледзячы на няведанне іспанскай і англійскай моваў, цяжкі фотаапарат са штатывам дапамагаў знайсці нешта супольнае з людзьмі, — расказвае Элан Лыскаў. — Гэтыя здымкі былі зробленыя на стужку. Стужка дазваляе мысліць інакш. З ёй пачынаеш сузіраць, прыслухоўвацца да сябе. Больш пэўна разумець, што я хачу ад гэтага кадра, і толькі пасля націснуць на “кнопку”.
Другі этап — не менш цудоўны. Пасля таго, як серыя была адсканаваная, я прыйшоў у музей Азгура з іншай прапановай. Прапановай зрабіць выставу з іншых здымкаў. А ў музеі папрасілі паказаць нешта з маёй творчасці. І першае, што мне прыгадалася, — “Camino”. І ў музеі папрасілі менавіта гэтыя фота. Гэта для мяне быў цуд. Тая выстава, з якой я першапачаткова прыйшоў, таксама адбылася. Яшчэ адзін прыгожы момант стварэння гэтай выставы — адзін таленавіты музыкант пісаў кампазіцыі… Ен напісаў цэлы альбом, а я раздрукаваў гэтыя здымкі і змагаўся, каб зрабіць такую цудоўную храналогію.
Пілігрымка Элана Лыкава ў Гішпанію адбывалася ў 2013 годзе.
Пабачыць духоўнае падарожжа, увасобленае ў дзесяці працах Элана Лыскава, магчыма да 31 ліпеня 2018 года.