Магілёўскі абласны суд адхіліў скаргу журналістаў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Міхаіл Мельнікаў 19 ліпеня разгледзеў касацыйную скаргу журналістаў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова на рашэнне суддзі суда Ленінскага раёна Магілёва Таццяны Касцюк. 29 мая суддзя Таццяна Касцюк пакарала штрафамі ў памеры 50 і 30 базавых велічынь “за незаконны выраб прадукцыі СМІ для замежнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” магілёўскіх журналістаў-фрылансераў Аліну Скрабунову і Яўгена Глушкова.
Журналістам быў пастаўлены ў віну выраб двух відэасюжэтаў для тэлеканала “Белсат” — пра высяленне жыхароў дамоў у Магілёве з‑за памылкі ўладаў, і пра самагубства кіраўніка аграхолдынга “Купалаўскае” ў Шклоўскім раёне.
Суддзя Міхаіл Мельнікаў не прыняў да ўвагі довады журналістаў аб шматлікіх парушэннях, дапушчаных супрацоўнікамі праваахоўных органаў пры складанні пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах да іх. Таксама Міхаіл Мельнікаў не звярнуў ніякай увагі на абгрунтаваны выступ Аліны Скрабуновай, у якім журналістка распавяла пра перадузятае стаўленне з боку суддзі суда Ленінскага раёна Таццяны Касцюк, і яе сведчанні аб тым, што аўтарамі відэасюжэта на тэлеканале “Белсат” як “прадукцыі СМІ” з’яўляюцца іншыя журналісты.
“Суддзя Касцюк у матывіровачнай часцы пастановы спасылаецца на мае сведчанні і сведчанні сведак, якіх наогул не было, — адзначыла Аліна Скрабунова. — Яна з’яўляляецца зацікаўленай асобай, бо раней ужо выносіла аналагічны прысуд у адносінах да мяне”.
Нагадаем, у лістападзе 2017 года суддзя Таццяна Касцюк ужо карала Аліну Скрабунову штрафам у памеры 30 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП.
Міхаіл Мельнікаў адхіліў хадайніцтвы Скрабуновай аб прыцягненні ў якасці экспертаў для вызначэння, што з’яўляецца вырабам прадукцыі СМІ, дэкана журфака БДУ і кіраўніка аддзялення журналістыкі Магілёўскага дзяржаўнага унівірсітэта імя Аркадзя Куляшова. Разам з тым упершыню за апошнія гады ў самым пачатку судовага пасяджэння суддзя Мельнікаў дазволіў журналістам весці фота- і відэаздымкі падчас судовага працэса.
Пасля невялікага перапынку суддзя Міхаіл Мельнікаў прыняў рашэнне пакінуць без зменаў рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва і сумесную скаргу Скрабуновай і Глушкова без задавальнення. Рашэнне суда Ленінскага раёна ўступіла ў законную сілу і ўжо бліжэйшым часам журналісты Аліны Скрабунова і Яўген Глушкоў павінны выплаціць штрафы ў памеры 50 і 30 базавых велічынь адпаведна.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што журналістам няма ніякага сэнсу далей падаваць наглядны скаргі ў вышэйстаячыя судовыя інстанцыі, бо папярэдняя практыка паказала тое, што па палітычна матываваных справах ніякія абгрунтаваныя довады і аргументы не прымаюцца імі да ўвагі.
Скрабунова і Глушкоў таксама лічаць,адміністрацыйную справу ў адносінах да сябе палітычна матываванай, бо парушаецца гарантаванае Канстытуцыяй права на атрыманне і распаўсюд дакладнай інфармацыі. Ужо ў бліжэйшы час журналісты будуць рыхтаваць скаргі для далейшай падачы ў Камітэт па правах чалавека ААН.