Канстытуцыйны суд разгледзіць заўвагі ГА «БАЖ» пра недакладнасці ў зменах і дапаўненнях у Падатковы кодэкс і Закон аб СМІ
Канстытуцыйны суд паведаміў, што разгледзіць заўвагі ГА "БАЖ" пра недакладнасці ў зменах і дапаўненнях у Падатковы кодэкс і Закон аб СМІ. Адпаведны зварот ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" скіроўвала ў Канстытуцыйны суд ў пачатку жніўня 2018 года.
10 ліпеня 2018 года Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь вырашыў прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Гэта тычыцца зменаў і дапаўненняў у Падаткавы кодэкс і Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» (далей — Закон аб СМІ).
Юрысты ГА «БАЖ» звярнулі ўвагу, што ў апісальнай частцы Рашэння Канстытуцыйнага суда прыняць змены і дапаўненні ў заканадаўства вызначана, што палажэннямі Закона ўводзіцца забарона ўскладаць функцыі рэдакцыі СМІ на юрыдычную асобу — камерцыйную арганізацыю.
Аднак гэты ж Закон не прадугледжвае агульнай забароны камерцыйным арганізацыям выступаць у якасці рэдакцыі СМІ.
Такая забарона распаўсюджваецца толькі на юрыдычную асобу — камерцыйную арганізацыю, акцыямі, доляй (долямі) у статутным фондзе якой у памеры 20 і больш працэнтаў валодаюць кожны па асобку або ў сукупнасці замежная дзяржава, замежная і (або) міжнародная юрыдычная асоба (арганізацыя, якая не з’яўляецца юрыдычнай асобай), замежны грамадзянін, асоба без грамадзянства, юрыдычная асоба — некамерцыйная арганізацыя, доля замежнага ўдзелу якога складае 20 і больш працэнтаў, за выключэннем выпадкаў, калі заснавальнікамі такой замежнай арганізацыі з’яўляюцца замежныя дзяржавы сумесна з Рэспублікай Беларусь.
Іншым камерцыйным арганізацыя не забаронена выступаць у якасці рэдакцыі сродка масавай інфармацыі.
Юрыст, старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец просіць Канстытуцыйны суд выправіць гэтыя супярэчнасці, дапушчаныя ў рашэнні Канстытуцыйнага суда «Аб унясення зменаў і дапаўненняў у некаторыя закны Рэспублікі Беларусь».