• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Месяц фатаграфіі ў Мінску стартуе 6 верасня ў галерэі «Ў» ПРАГРАМА

    МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – гэта 18 выставаў фатографаў ды фотакалектываў з 10 краінаў на 7 сталічных пляцоўках і аўдыторыя больш за 500 000 чалавек, прапанова паразважаць пра фатаграфію як феномен, інструмент і нагоду для дыялогаў, дыскусіяў і абмену досведам. Вось ужо пяты год каманда фестывалю трымае беларускую публіку ў інтэлектуальным тонусе – нечаканымі канцэпцыямі, праектамі з самых розных куткоў зямлі і знакамітымі гасцямі.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/baner-na-sait3-5-1-768x359.jpg

    З 2016 года МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ выбудоўваецца вакол прапанаванай камандаю тэмы: у 2017‑м ёю стаў панятак «калектывізацыя», у 2016‑м – апазіцыя «цэнтр – перыферыя». Тэма гэтага года, мы спадзяемся, таксама шмат каго здзівіць. Збольшага з намерам нагадаць публіцы першапачатковае, памятнае, прызначэнне фатаграфіі, але і каб адзначыць уласную першую пяцігодку, у 2018‑м МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ заяўляе ў якасці сэнсавага ядра юбілей.

    Да інтэрпрэтацыі юбілею ўдзельнікі і ўдзельніцы асноўнай фестывальнай экспазіцыі на Кастрычніцкай, у новай прасторы легендарнай «Галерэі Ў», падыдуць па-рознаму. Пра яго будуць разважаць як пра адну з вех, што адлюстроўвае асноўныя этапы чалавечага жыцця, як пра свята лакальнага, сямейнага, маштабу і як пра элемент нацыянальных культураў розных краінаў і кантынентаў: пачынаючы з вясельных традыцыяў Кітаю 1985–2005 (Тама Савэн), каталогу інтэр’ераў літоўскіх загсаў (Вілма Самулёніце) і архіву тыповых сямейных святаў у Польшчы (Пшэмыслаў Пакрыцкі) і заканчваючы выставаю, прымеркаванай да гадавіны трагічнага сыходу Стэнлі Грына. У межах фестывалю ў Мінску будзе паказаны самы знакавы праект амерыканскага фотажурналіста – «Чорны пашпарт», унікальны досвед сведкі і ўдзельніка найважнейшых падзеяў на тэрыторыі былога СССР, ва Усходняй Еўропе, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы і Блізкім Усходзе трох апошніх дзесяцігоддзяў.

    У цэнтральную экспазіцыю таксама ўвойдуць праект «Страчаныя тэрыторыі» польскага фотакалектыву Sput­nik, які ў 2017 годзе адзначыў свой 10-гадовы юбілей, маштабная серыя фатографа Эдўарда Кэртыса – калекцыянера партрэтаў індзейцаў і здымкаў Дзікага Захаду, у якім налічваецца некалькі тысяч выяваў, а таксама выстава даўняга госця фестывалю Матыяса Гардэра, які вывучае тэму кветак у сучаснай фатаграфіі. Упершыню ў фестывалі возьме ўдзел фатограф з Кітаю Чжан Кэ Чунь, аўтар нашумелага праекту і фотакнігі «Жоўтая рака», якія адлюстравалі тры гады ягоных падарожжаў на складным ровары ўздоўж легендарнай Хуанхэ.

    Юбілей як фатаграфічную тэму, якая цікавіць аўтараў з Беларусі і Расіі, у экспазіцыі рэпрэзентуюць архіўныя выставы «59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі» (куратаркі – Антаніна Сцебур і Ганна Самарская), «Дзявочы вечар» (калектыў VEHA) і фотакніжная выстава «Год свабоды» (куратарка Ала Міроўская з калектыву Russ­ian Inde­pen­dent Self-pub­lished). Такім чынам, на адной пляцоўцы будуць суседзіць здымкі, якія адлюстроўваюць перыяд аматарскага, клубнага, руху Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя, архіўныя вясельныя здымкі з сямейных альбомаў беларусаў і беларусак, а таксама 13 фотакніг, якія інтэрпрэтуюць юбілей як «асаблівы час для вольных разваг пра важнае».

    Упершыню ў гісторыі МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ асноўная экспазіцыя будзе даступная і невідушчым людзям. Куратарка і актывістка Наталля Кавалевіч, якая сама не бачыць, адмыслова арганізуе інклюзіўны маршрут: кіруючыся ім, здымкі можна будзе «прачытаць» з дапамогаю гукаў і пахаў.

    На шлюбных традыцыях беларусаў засяродзіцца праект «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» (куратаркі – Дзіна Даніловіч і Настасся Даніловіч) у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Фотагалерэю з калекцыі кабінету традыцыйных музычных культураў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі будзе суправаджаць гукавы шэраг – «галасы» выяўленых на здымках вяселляў. Таксама ў межах выставы дэманструецца фільм «Радзілавіцкае вяселле» (аператар А. Глушко, фота – А. Мікус, відэамантаж – Д. Касцюкевіч). Яшчэ адзін праект, які закранае тэму вяселля, будзе паказаны ў Брэсце, у прасторы «КХ». Даследуючы феномен утылітарнай фатаграфіі ў інтэрнэце, Раман Трацюк сутыкае традыцыйныя вясельныя здымкі, зробленыя на гэтым свяце, з элементамі супрэматызму.

    Пяты МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ працягвае традыцыі, закладзеныя на фестывалях мінулых гадоў. Серыю альбомаў «Бібліятэка МФМ» дапоўніць новая публікацыя: каталог з працамі класіка беларускай фатаграфіі, аднаго з заснавальнікаў фестываляў «Фотаграфіка», педагога і публіцыста Юрыя Васільева. Гледачам будзе прапанаваная і шырокая адукацыйная праграма: лекцыі, прэзентацыі і аўтарскія экскурсіі ад Андрэ Пэрльштэйна, Пшэмыслава Пакрыцкага, Антаніны Сцебур і Ганны Самарскай, Алы Міроўскай і Лены Холкінай. Для ахвотных лепей разабрацца ў сваіх сямейных архівах і пераўтварыць іх у фотакнігі ў межах МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ пройдзе аднадзённы майстар-клас ад удзельніц калектыву Russ­ian Inde­pen­dent Self-pub­lished.

    Праграма 2018

    Праграма можа змяняцца і дапаўняцца, просім сачыць за абнаўленнямі.

    06.09

    • Экскурсія па выставе ад аўтара праекту “Рытуалы пераходу”, Пшэмыслаў Пакрыцкi.

    Галерэя Ў, 20:00

    • 59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі, Антаніна Сцебур, Ганна Самарская.

    Куратарскі аповед пра выставу і даследаванне.

    Галерэя Ў, 20:40

    • Куратарскі аповед пра выставу “Год свабоды”, Ала Міроўская.

    Галерэя Ў, 20:40

    • Раман Трацюк “Супрэматычнае вяселле” 6–23 верасня 2018 (чацвер-нядзеля, 15.00–19.00)Праект “Супрэматычнае вяселле” яўляецца вынікам аўтарскага даследвання утылітарнай фатаграфіі ў інтернэце. У праекце сутыкаюцца эстэтыка сучаснай вясельнай фатаграфіі і самавыяўляльны дыскурс супрэматызма.“У фатаграфіях з інтэрнет-аўкцыонаў, дзе прадаюцца вясельныя сукенкі б/у, я адкрываю для сябе абстрактныя кампазіцыі, якія ўзнікаюць ў выніку размывання асабістасцей, якія былі прадстаўлены на арыгінальных здымках. Гэта адначасовае ўспрыманне двух супрацьлеглых пластоў рэальнасці – абстрактнага і канкрэтнага – нараджае пачуцце кагнітыўнага дысанасу, неспакою, дзіўнасці”

    Прастора КХ, Брэст, вул.Халтурына 2/1, Уваход – 2 р.,+375–33-308–38-11

    Адкыцце – 6 верасня а 19.00 (сустрэча з мастаком, уваход вольны)

     

    07.09

    • “Архіў: непераадольная цяга”

    Артыст-ток мастачак Лены Холкінай і Алы Міроўскай.

    Галерэя Ў, 15:00–16:45

    • “Вінтажы і віражы” Археалагічная выстава фотаздымкаў Уладзіміра Парфянка.

    Адкрыццё выставы

    Галерэя крамы «Кніжная шафа», 19:00

    • Лекцыя-дыскусія «Было. Ёсць. Будзе. Архіў як спосаб асэнсавання мінуўшчыны, сучаснасці і будучыні»

    Лекцыя-дыскусія, мадэратарка – арт-крытык, фатографка Вольга Бубіч, склад удзельнікаў дыскусіі ўдакладняецца. Эксперты паспрабуюць разабрацца ў тым, якую ролю граюць архівы не толькі ў асэнсаванні пражытага, але таксама ў спасціжэнні сучаснасці і прадбачанні будучыні.

    Галерэя Ў, 18:00–20:00

    Уваход па квітку на выставы. Кошт квітка – 5 руб.

    08.09

    • Фотакніжны ўоркшоп «Сябрына».

    Аднадзённы фотакніжны ўоркшоп на архіўную тэму прысвечаны даследаванню традыцыі бяседаў на постсавецкай прасторы. Бывае сябрына без юбілею, але як уявіць юбілей без сябрыны? Удзельнікі ўоркшопу створаць калектыўны фотазін са знойдзеных здымкаў бяседаў – пад кіраўніцтвам вядоўцаў Лены Холкінай і Алы Міроўскай.

    Каб стаць удзельнікам ўоркшопу, трэба даслаць заяўку праз электронную пошту. У заяўцы – указаць імя, прозвішча, сцісла апісаць свой фатаграфічны досвед і прыкласці да ліста сканы трох-пяці архіўных здымкаў бяседаў 2000 пікселяў па доўгім баку, разрознасць 300 кропак.

    У тэме ліста неабходна напісаць СЯБРЫНА.

    Удзел у ўорк-шопе платны. Кошт – 70 руб.

    Адрас для дасылання заяўкі: alla.mirovskaya@gmail.com

    Заяўкі прымаюцца да 3 верасня 2018 уключна.

    Галерэя Ў, 12:00–20:00

    08–09.09

    • Экскурсія па інклюзіўнай частцы выставы ад куратаркі Наталлі Кавалевіч.

    Інклюзіўны маршрут з завязанымі вачыма – кіруючыся ім, фатаграфіі можна будзе «прачытаць» з дапамогай гукаў і пахаў ды зразумець, як успрымаюць выставу невідушчыя людзі.

    Папярэдні запіс – праз пошту fvo.fedotova@gmail.com.

    Сустракаемся а 12:00, выхад са ст. метро «Першамайская». Кошт экскурсіі 10 руб.

    09.09

    • 59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі, Антаніна Сцебур, Ганна Самарская.

    Круглы стол з відавочцамі і ўдзельнікамі фатаграфічнага руху 1959–1982

    Галерэя Ў, 19:00

    10.09

    • 59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі, Антаніна Сцебур, Ганна Самарская.

    Закрытае абмеркаванне з відавочцамі, удзельнікамі і даследнікамі беларускай фатаграфіі куратарскай канцэпцыі выставы 2019 года.

    Галерэя Ў, 19:00

    11.09

    • Адкрыццё выставы “Выклік дахаты”

    Цэнтр гарадскога жыцця, Галерэя INDIE, 19:00

    12.09

    • Адкрыццё выставы “Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня”, Настасся Даніловіч, Дзіна Даніловіч.

    Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (НЦСМ), 19:00

    13.09

    • Прэзентацыя Бібліятэкі Месяца фатаграфіі ў Мінску: 2013–2018.

    У межах сустрэчы Андрэй Лянкевіч і Ганна Самарская распавядуць пра тое, як ствараліся каталогі МФМ і чаму было прынятае рашэнне замест каталогаў фестывалю выдаваць знакавыя для беларускай прасторы імёны, альбомы фатографаў, якія адышлі ў іншы свет: Валерыя Лабко, Льва Дашкевіча і Юрыя Васільева.

    Культурный цэнтр “Корпус”, праспект Машэрава 9 к. 8, 19:00

    18.09

    • Прэзентацыя каталогу Юрыя Васільева супольна з #Библиокорпус

    Культурный цэнтр “Корпус”, праспект Машэрава 9 к. 8, 19:00

    24.09

    • “Кіно 70‑х і не толькі”

    Адкрыццё выставы Андрэ Пэрльштэйна, прэзентацыя выставы ад аўтара і паказ фільму «Самурай» (1967, Францыя, 1:47)

    Фалкан Клаб Буцiк Кiно, Уваход па запрашальных білетах, 18:30

    25.09

    • Экскурсія па выставе ад Андрэ Парльштэйна

    Фалкан Клаб Буцiк Кiно, 18:00

    • Кіно 70‑х і не толькі.

    Кінатэатр «Ракета», 20:00

    У межах праграмы «Карт-бланш» ад Андрэ Пэрльштэйна адбудзецца паказ фільму «Чырвоны круг»

    «Карт-бланш» – цыкл паказаў, які дае запрошаным куратарам права вызначыць рэпертуар кінатэатру на адзін вечар. Гэткая практыка, у аснове якой ляжыць культуртрэгерства і пашырэнне ўзаемадзеяння з глядацкай аўдыторыяй, атрымала распаўсюд у дзейнасці сінематэк, арт-кінатэатраў і кінафестываляў па ўсім свеце.

    ЧЫРВОНЫ КРУГ | Le cer­cle rouge
    1970, Францыя – Італія, 140 хвіл.
    Рэжысёр і аўтар сцэнара Жан‑П’ер Мэльвіль
    У ролях: Ален Дэлон, Бурвіль, Джан Марыя Валёнтэ, Іў Мантан, Поль Крашэ, Франсуа Пэр’е

    Паводле будысцкага выслоўя, калі не знаёмым адзін з адным людзям наканавана сустрэцца, то, якімі б шляхамі яны ні ішлі, яны немінуча сыдуцца ў межах чырвонага кругу лёсу. Аднойчы ў гэты круг трапляюць трое злачынцаў, што рыхтуюць у цэнтры Парыжу крадзеж стагоддзя, і камісар паліцыі.

    28.09

    •  Адкрыццё выставы СВЯТЛАНА СТАНКЕВIЧ. “Luz silen­ciosa” 28.09–28.10
      Выстава даступная да прагляду з чацвярга па нядзелю.
       
      Mov­ing Art Фac­to­ry, адрас: вул. Куйбышава, 22 6‑ы паверх, 19.00

     

    4–5.10

    • Майстар-клас Андрэаса Роста. Фатаграфія ў публічнай прасторы

    На двухдзённым майстар-класе мы з удзельнікамі пагаворым пра сённяшняе месца фатаграфіі ў публічнай прасторы, яе ролю і ўздзеянне на гледача. Таксама разгледзім удалыя і не вельмі прыклады з міжнароднай практыкі. Разам паспрабуем крытычна паставіцца да тэмы, асэнсаваць крытэры ды падыходы і, вядома ж, прысвецім час практычным заданням.

    Інстытут імя Гётэ, вул. Веры Харужай 25/3  тел. 8 017 237–71-19

     

    Інфармацыйная падтрымка – беларускі партал TUT.BY, радыё Unistar і гарадскі онлайн часопіс Citydog.by.

    Пры падтрыманні амбасады Францыі ў Беларусі, Польскага інстытуту ў Мінску, Інстытуту імя Гётэ ў Мінску, ды галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці