Брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна прымусова адвезлі на судова-псіхіатрычную экспертызу
Адбылося гэта раніцай 3 верасня, калі Сяргей Пятрухін выйшаў з дому да прыпынку грамадскага транспарту і збіраўся ехаць да адваката.
Да блогера падыйшлі людзі ў цывільным і зачыталі пастанову пра тое, што яму неабходна прайсці экспертызу. Пасля гэтага Сяргея Пятрухіна адвезлі ў абласное ўпраўленне камітэта судовых экспертыз, дзе ён мусіў прайсці адпаведныя тэсты.
Паводле слоў Пятрухіна, ён ведаў, што следчы Андранік Хачатран прызначыў яму гэтую экспертызу ў межах распачатых крымінальных справаў паводле ч. 2 арт. 188 (паклёп у публічным выступленні альбо ў друкаваным творы) і ч. 2 арт. 189 (абраза ў публічным выступленні альбо ў друкаваным творы) Крымінальнага кодэкса. Блогер збіраўся падыйсці да экспертаў ў вызначаны час, але супрацоўнікі міліцыі вырашылі даставіць блогера прымусова.
Наконт самой працэдуры экспертызы Сяргей Пятрухін распавёў, што яна складалася з размоваў пра біяграфію і асабістае жыццё, а таксама стандартных паводзінаў падчас агляду псіхіятра. Дарэчы, блогер дамагаўся прадстаўлення копіі пастановы аб прызначэнні псіхіятрычнай экспертызы, каб абскардзіць яго. Аднак атрымаць гэты дакумент Пятрухін не здолеў.
Нагадаем, што раніцай 30 жніўня ў кватэры брэсцкага блогера адбыўся ператрус, падчас якога забралі камп’ютары і іншую тэхніку. Каб трапіць у кватэру супрацоўнікі АМАП выбілі дзверы, а калі Пятрухін пачаў анлайн-трансляцыю на YouTube-канале “Народны рэпарцёр”, міліцыянты павалілі яго на падлогу. Пазней яго ў кайданках адвезлі ў Ленінскі РАУС.
З каментара афіцыйнага прастаўніка УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Дучэнкі вынікала, што такія захады былі зроблены таму, што Сяргей Пятрухін “катэгарычна адмовіўся адчыняць дзверы кватэры супрацоўнікам міліцыі, якія прыбылі для выканання даручэння па правядзенню следчага дзеяння”.
Што тычыцца забранай у блогера камп’ютэрнай тэхнікі, Сяргей Дучэнка адзначыў, што “яна можа мець значэнне для расследавання крымінальнай справы і будзе агледжана ў сціслыя тэрміны”.