Пакістанскі фонд прэсы заклікае Лукашэнку спыніць пераслед журналістаў у Беларусі
Пакістанскі фонд прэсы (Pakistan Press Foundation), незалежная няўрадавая арганізацыя, якая займаецца абаронай свабоды выказвання, звярнулася да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адносна сітуацыі з пераследам журналістаў за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”.
Арганізацыя выказвае занепакоенасць з нагоды нядаўняга рашэння Смалявіцкага суда аштрафаваць журналістку Вольгу Чайчыц за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”, — гаворыцца ў звароце.
Суддзя Аляксандр Казлоўскі наклаў на Вольгу Чайчыц штраф у памеры 1 225 беларускіх рублёў за асвятленне акцыі пратэсту мясцовых жыхароў. Гэта ўжо дзявяты штраф, якім пакараная Вольга Чайчыц за тое, што робіць сваю працу. Агульная сума штрафаў, накладзеных на журналістку, складае 8 452.5 рублі. У мінулым годзе яна была аштрафаваная 7 разоў.
Супрацоўнікі “Белсата” часта ідуць пад суд за незаконны распаўсюд матэрыялаў СМІ, паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за тое, што працуюць без дазволу. У 2017 годзе журналісты, што супрацоўнічаюць з “Белсатам”, заплацілі ўраду штрафаў на агульную суму 14 000 долараў, — адзначаецца ў звароце Пакістанскага фонда прэсы.
94 % з гэтых штрафаў спагнаныя з журналістаў тэлеканала “Белсат” за нібыта незаконныя матэрыялы сродкаў масавай інфармацыі. Беларускае Міністэрства замежных спраў заявіла, што журналісты, якія супрацоўнічаюць з “Белсатам”, заўсёды парушаюць закон (аб СМІ), і таму МЗС не можа выдаць ім акрэдытацыю.
У гэтым годзе беларускія ўлады ўжо наклалі штрафаў на агульную суму больш за 30 000 долараў.
Пакістанскі фонд прэсы патрабуе неадкладна адмяніць штрафы журналістам і заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед журналістаў за іх працу, — адзначаецца ў звароце за подпісам генеральнага сакратара фонда Уваіса Аслама Алі (Owais Aslam Ali).