Блогера Андрэя Павука затрымалі за спробу патрапіць на пасяджэнне райсавета дэпутатаў
Блогера Андрэя Павука затрымалі ў Акцябрскім за спробу папрысутнічаць на пасяджэнні раённага савета дэпутатаў.
Юрыст ГА «БАЖ» Леанід Судаленка паведаміў, што праз некаторы час Андрэя Павука адпусцілі без складання пратаколу.
Яшчэ ў чэрвені Павук звярнуўся да кіраўніцтва Акцябрскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў з прапановай дазволіць яму прысутнічаць на адкрытых нарадах у райвыканкаме і на сесіях раённага Савета дэпутатаў. Чыноўнікі адказалі, што такога права Павук не мае і адмовілі яму ў просьбе.
Блогер палічыў што гэтай адмовай чыноўнікі парушылі ягонае канстытуцыйнае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, гарантаванае як міжнароднымі дамовамі, так і нацыянальным заканадаўствам. У прыватнасці ён спасылаўся на артыкул 23 Канстытуцыі і на арт 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Скаргі ў вышэйстаячую інстанцыю — Гомельскі абласны выканаўчы камітэт — таксама засталіся без задавальнення.
Пазней і суд Мазырскага раёна не задаволіў скаргу блогера з Акцябрскага Андрэя Павука аб парушэнні ягонага права на атрыманне інфармацыі.
Андрэй Павук: Мне не патрэбна скажоная інфа з газеты, мне патрэбна прамая інфармацыя