Рэдактарка “Витебского курьера“ дамаглася, каб мясцовы паблік перастаў перадрукоўваць артыкулы выдання без спасылак
Спрэчкі наконт перадруковак аўтарскага кантэнту паблікам “Типичный Витебск”, што прэзентуе сябе “ВКонтакте” ў якасці СМІ, распачаліся яшчэ напрыканцы вясны. Рэдактарка “Витебского курьера“ Вольга Радзюк патрабавала, каб адміністратары пабліка падавалі спасылкі на сайт vkurier.by, калі перадрукоўваюць адтуль артыкулы.
Чытачы заўважылі, што на старонцы “Типичного Витебска” з’яўляюцца тэксты без спасылак на першакрыніцу, і Вольга Радзюк запатрабавала спынення гэткай практыкі. Паводле яе словаў, давялося шмат перапісвацца з мадэратарамі, атрымаць на свой адрас нямала негатыўных выразаў і нават абразаў, перш чым на старонцы “ВКонтакте” з’явілася абвестка: “Артыкулаў ад Курьера больш не будзе”.
Зрэшты, адміністратары суполкі “Типичный Витебск” паспрабавалі падаць сітуацыю такім чынам, нібыта “Витебский курьер“ патрабаваў, каб “давалі спасылку пад кожным радком, а лепш праз сказ, а яшчэ лепш паблік перайменавалі ў Курьер і аддалі адмінку”. У каментарах ад “Типичного Витебска” гучыць, што “артыкул ад ВК прапануе чытанне ўнутры пляцоўкі, што скрайне мэтазгодна з пункту гледжання карыстальніка”, і што чытачы не будуць пераходзіць па спасылцы на сайт іншага выдання. Чым падмацаванае гэтае меркаванне – невядома. Рэдактарка “Витебского курьера“ лічыць, што гэта банальны крадзеж тэкстаў, над якімі працавалі аўтары.
Пасля “ультыматуму” суполкі перадрукі з “Витебского курьера“ насамрэч перасталі з’яўляцца на “Типичном Витебске”. Але практыка перацягвання чужога кантэнту працягваецца. Механізм “апрацоўкі” наступны: адміністратары бяруць тэкст , прыкладам, з tut.by, і перадрукоўваюць яго ад імя “Типичного Витебска”, змясціўшы спасылку на першакрыніцу ў самым нізе. Адпаведна, са старонкі суполкі спасылка вядзе не на аўтарскі артыкул з tut.by, а на перадрук унутры пабліка. Такім чынам, ён набірае колькасць чытачоў, а выданне-першакрыніца іх губляе.
З каментароў да дэманстрацыйнай абвесткі пра тое, што артыкулаў з “Витебского курьера” на “Типичном Витебске” больш не будзе, відаць неабыякавае стаўленне чытачоў да праблемы нелегальнага перадруку аўтарскага кантэнту. Наведнікі суполкі згадваюць, што бачылі перадрукоўкі без спасылак і з tut.by, і з “Народных навінаў Віцебска”. Чытачы кажуць, што неабходнае прававое рэгуляванне такіх перапостаў – каб нелегальная падача аўтарскіх матэрыялаў без спасылак на арыгінал каралася паводле заканадаўства.