Гродна: 60-годдзе Сяргея Чыгрына
60-гадовы юбілей слонімскага журналіста і краязнаўцы, сябра ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Сяргея Чыгрына адзначылі ў Гродне.
Кіраўнік гродзенскай суполкі Саюза Беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Дубатоўка адзначае, што Сяргей Чыгрын вельмі знакамітая для Гродзеншчыны асоба:
— Ён вядомы на Гродзеншчыне не толькі як пісьменнік, а таксама як даследчык, які вывучае лёсы і творчасць паэтаў і пісьменнікаў, што жылі ў Заходняй Беларусі яшчэ да Другой сусветнай вайны. Людзей гэтых ніхто не ведае, а ён якраз іх вынімае з нібыцця і даносіць інфармацыю пра іх нашым чытачам.
Для журналіста і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча Сяргей Чыгрын – гэта прыклад працы над кнігамі, якіх у Сяргея Чугрына больш за шэсцьдзесят.
— Сяргей Чыгрын – гэта найперш летапісец слонімскай зямлі. Гэта краязнаўца і журналіст, які ўздоўж і ўпоперак пералапаціў усе матэрыялы, звязаныя са Слонімшчынай. Ён аб’ездзіў усе хутары і вёскі, дасканала ведае рэгіён, па-сутнасці, калі скласці ў адно ягоныя працы, атрымліваецца цэласная энцыклапедыя гісторыі Слонімшчыны. Каб у кожным раёне Беларусі быў такі журналіст і краязнаўца, мы б мелі багацейшыя напрацоўкі. Так што ёсць з каго браць прыклад. А кнігі яго чытаюцца: яны карыстаюцца попытам у мясцовага насельніцтва, у бібліятэках і ў тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. Гэта вельмі высокародны чалавек, які працягвае рабіць справу для нашай Бацькаўшчыны.
Гродзенцы зрабілі для юбіляра два вельмі каштоўных падарункі – выдалі кнігу з бібліяграфіяй яго твораў і змясцілі ў кнігу якраз да юбілея 60 ягоных твораў, а таксама падарылі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
Урачыстасць адбылася ў Цэнтры гарадскога жыцця. Сам юбіляр трымаўся на сустрэчы вельмі сціпла. Ён падзякаваў за падарункі, распавёў некалькі гісторый пра свае краязнаўча-журналісцкія пошукі і параіў чытаць яго артыкулы ў штотыднёвіку “Новы час”, а таксама сачыць за выпускам яго новых кніг.