Журналістаў на час прыезду кіраўнікоў Беларусі і Украіны выклікаюць у Буда-Кашалёва
Буда-Кашалёўскі раённы суд выклікае на разгляд адміністрацыйных пратаколаў двух журналістаў-фрылансераў з Гомеля: 25 кастрычніка – Андрэя Толчына, 26 кастрычніка – Кастуся Жукоўскага.
“Улады прыдумалі так, каб нейтралізаваць нас да прыезду Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ў Гомель на першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны”, – лічыць Кастусь Жукоўскі.
Гэта выглядае цалкам праўдападобна, бо адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” складзены мясцовай міліцыяй за адзін і той жа відэасюжэт – “На будоўлю ў Буда-Кашалёве вязуць пясок з халерных могілак”. Сюжэт гэты быў паказаны 25 жніўня. У ім ішла гаворка пра тое, што ў Буда-Кашалёве на будоўлі выкарыстоўваюць пясок, у якім знаходзяць чалавечыя парэшткі.
Як высветлілі журналісты, пясок у райцэнтр возяць з колішняга паселішча Царкоўе, што за 40 кіламетраў ад Буда-Кашалёва. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што акурат у тым месцы ў 18‑м стагоддзі былі пахаванні ахвяраў халернай эпідэміі. За савецкім часам з Царкоўя таксама спрабавалі браць пясок, але, дазнаўшыся пра халернае пахаванне, адмовіліся ад раскопак.
Юрыст ГА “БАЖ” з Гомеля Леанід Судаленка мяркуе, што адміністрацыйныя справы паводле часткі 2, артыкулуа 22.9 КаАП у дачыненні журналістаў-фрылансераў Буда-Кашалёўскі раённы суд хутчэй за ўсё спыніць, бо 24 кастрычніка сыходзіць двухмесячны тэрмін, цягам якога парушальнікаў можна прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.