Суд аштрафаваў журналіста – будзе паліва для тэхнікі
Суддзя Буда-Кашалёўскага раённага суда Канстанцін Скорын 25 кастрычніка аштрафаваў журналіста-фрылансера з Гомеля Андрэя Толчына на 30 базавых велічыняў (735 рублёў) за працу без акрэдытацыі. Толчын прызнаны вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ на польскім спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”.
Пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП супраць фрылансера мясцовая міліцыя склала на падставе выхаду ў эфір 7 верасня на тэлеканале “Белсат” відэасюжэта “Пасля візіту журналістаў у саўгасе нечакана з’явілася паліва”. У ім гаворка ішла пра тое, што толькі ў Драздах з уборкай ураджаю ўсё добра – ужо і бульбу выкапалі, і кавуны сабралі. І тэхніка ёсць, і паліва не бракуе. Інакш – у большасці гаспадарак Беларусі, у тым ліку і ў былым саўгасе-мільянеры «Рагінь» Буда-Кашалёўскага раёна.
“Мясцовая дзяржаўная газета “Авангард” напрыканцы жніўня адрапартавала, што жніво ў раёне завершана, – распавёў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Толчын. – Але і праз тыдзень буда-кашалёўскія гаспадаркі ўсё яшчэ ўбіралі збожжавыя культуры. Пра гэта знялі сюжэт, размясцілі на YouTube. “Белсат” скарыстаў частку відэаздымкаў, у сюжэта ёсць аўтар – Ірына Дарафейчук. Тым не менш, суд прызнаў мяне вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і аштрафаваў – відаць, каб папоўніць бюджэт і купіць паліва для тэхнікі”.
Сёлета гэта ўжо пяты штраф Андрэю Толчыну за фрылансерскую працу. Агулам сума штрафаў склала 4430 рублёў.
На 26 кастрычніка ў Буда-Кашалёўскі раённы суд выклікаюць яшчэ аднаго фрылансера з Гомеля – Кастуся Жукоўскага. Яго таксама вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.
Суды над журналістамі ў Буда-Кашалёве дзіўным чынам супалі з адкрыццём у Гомелі першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, у якім возмуць удзел кіраўнікі дзвюх дзяржаваў Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка.