Выйшла кніга пра журналіста і былога кіраўніка гродзенскай суполкі БАЖ Змітра Кісяля
Кніга памяці журналіста, сябра і былога кіраўніка гродзенскай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Змітра Кісяля выйшла ў межах выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка”. Прэзентацыя выдання адбудзецца ў Цэнтры гарадскога жыцця ў лістападзе.
Кніга пад назвай “Адзін з першых” распавядае пра грамадскага дзеяча Гродна, гісторыка і журналіста Змітра Кісяля, які заўчасна памер у 2005‑м годзе ў 43-гадовым узросце.
Рэдактарам кнігі стаў гродзенскі пісьменнік і мовазнаўца Янка Траццяк. Кніга змяшчае вялікую колькасць здымкаў з падзей, дзе прысутнічаў Зміцер Кісель, яго артыкулы з розных выданняў, успаміны калегаў і сяброў, а таксама вялікую размову з яго бацькам, Уладзімірам Кісялём, якую ў 1998 годзе зрабіў Андрэй Мельнікаў.
Пра свайго калегу распавядае публіцыст і журналіст Уладзімір Хільмановіч, які працаваў і сябраваў са Змітром Кісялём:
— Зміцер Кісель быў знакавай для Гродна асобай. Можа без яркай харызмы, мала прыкметны, але ён удзельнічаў у грамадскай дзейнасці горада з канца 80‑х ХХ стагоддзя. Быў адным з выдаўцоў першай у горадзе газеты “Рэанімова”. Мы былі аб’яднаныя адной справай пад эгідай фонда Ільва Сапегі, пад эгідай “грамады”, яшчэ раней – у гісторыка-культурніцкім клубе “Паходня”, потым у Беларускім Народным Фронце.
Пісьменнік і журналіст, сябра ГА “БАЖ” Віктар Сазонаў лічыць, што Зміцер Кісель прывёў яго у розныя колы Беларушчыны:
— Каля мы пазнаёмілся, я ўбачыў, як праз яго кватэру змяняліся людзі, звязаныя з беларускай справай. Тут прыпыняліся беларускія журналісты і грамадскія дзеячы, што ехалі з Польшчы і ў Польшчу. Ён на досведзе сваёй сям’і ведаў, што такое пераследы, што такое адраджэнне. Ён гуртаваў вакол сябе людзей, была пэўная энергетыка, пэўная харызма.
Мы сябравалі і працавалі разам вельмі доўга. Як яго такога маладога не стала, было вельмі прыкра. Ідэя стварэння кнігі пра Змітра Кісяля ўзнікла ў ягонага сябра з Беластоку Яўгена Вапы – каб нашае сяброўства засведчыц, каб захаваць памяць пра гэтага чалавека праз кнігу. Да напісання кнігі далучыліся і іншыя людзі: тыднёвік беларусаў “Ніва” прадаставіў матэрыялы, якія калісці для газеты пісаў Зміцер Кісель.