• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзясяты штраф у гэтым годзе Кастусю Жукоўскаму

    Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 8 лістапада аштрафаваў журналіста-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі для замежнага СМІ на 30 базавых велічыняў – 735 рублёў.

    Кастусь Жукоўскі

    Суддзя Віктар Казачок, які разглядаў адміністрацыйную справу, пагадзіўся з высновамі міліцэйскага пратакола і прызнаў Жукоўскага вінаватым у парушэнні часткі 2, артыкула 22.9 КаАП за нібыта выраб для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” відэасюжэта “Народ устаў на абарону справядлівага кіраўніка перад чыноўнікамі. І перамог!” Сюжэт гэты з’явіўся на сайце тэлеканала 10 кастрычніка. У  ім распавядалася пра бунт працаўнікоў аграпрадпрыемства «Някрашынскі» Акцябрскага раёна ў  адказ на  рашэнне раённага начальства звольніць дырэктара гаспадаркі.

    На самым пачатку судовага пасяджэння Віктар Казачок запытаўся ў адказчыка, ці давярае ён суду? “Беларускі рэжым стварыў такую сістэму, што незалежнага, справядлівага суду ў нас няма. Як давяраць таму, чаго няма”, — заявіў у адказ Жукоўскі.

    Кастусь Жукоўскі патлумачыў суду, што не рабіў відэаздымкаў у Валосавічах падчас страйку вяскоўцаў, а толькі “навучаў фрылансера Толчына як гэта рабіць”. Ніякіх дамоваў з польскім тэлеканалам “Белсат” ці нейкімі іншымі агенствамі не мае. Далей прапанаваў суддзі не марнаваць час, а выносіць хутчэй пастанову.

    Судовае пасяджэнне па справе Жукоўскага доўжылася каля 14 хвілін.

    “Уладным чыноўнікам хочацца смачна есці, таму я заўсёды буду вінаватым”, — пракаментаваў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” чарговае судовае рашэнне Кастусь Жукоўскі.

    Сёлета гэта ўжо дзясяты штраф журналісту-фрылансеру за працу без акрэдытацыі пры беларускім МЗС.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці