Памяці гродзенскага журналіста Змітра Кісяля: Ён быў смелым і з вялікім сэрцам
У Гродна ў Цэнтры гарадскога жыцця прайшла прэзентацыя кнігі "Адзін з першых. Памяці сябра. Зміцер Кісель", прысвечаная кіраўніку гродзенскай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, беларускаму патрыёту Змітру Кісялю.
Зміцер Кісель пайшоў з жыцця 13 гадоў таму ўсяго ў 42 гады. Але ён зрабіў неверагодна шмат за адмераны яму час.
Зміцер Кісель быў аўтарам адной з першых незалежных газет канца 1980‑х гадоў — «Рэанімава», актывістам гісторыка-культурнага клуба «Паходня», суарганізатарам некалькіх сталых фэстаў, якія праходзяць і цяпер. Калі выходзіла газета «Пагоня», быў аўтарам шматлікіх публікацый, а як толькі пачало трансляцыі «Беларускае Радыё Рацыя» — далучыўся да падрыхтоўкі матэрыялаў. Уся ягоная дзейнасць, як заўважылі падчас прэзентацыі кнігі былыя калегі і сябры, — шчырае служэнне Беларусі і беларускай ідэі.
Да падрыхтоўкі кнігі, напоўненай успамінамі і фотаздымкамі, спрычыніліся гродзенскія літаратары і журналісты: Віктар Сазонаў, Янка Трацяк, Павел Мажэйка, а таксама беластоцкія сябры.
На прэзэнтацыю прыйшлі ветэраны беларускага нацыянальнага руху: удзельнікі палітычнага і грамадскага працэсу канца 1980‑х — пачатку 2000‑х гадоў. Змітра згадала Данута Бічэль, якая разам з ім араганізавала выхад «Рэанімовы». Мікола Таранда, у мінулым старшыня клубу «Паходня» зрабіў фотапрэзэнтацыю, а бард Андрэй Мельнікаў выканаў свае творы ды агучыў успаміны пра знаёмства і сяброўства са Змітром Кісялём.
Успамінамі падзяліліся праваабаронца, журналіст Уладзімер Хільмановіч, экскурсавод Святлана Словік, гродзенскі мастак-каваль Юрась Мацко.
Хільмановіч слушна заўважыў, што Зміцер Кісель заўсёды выступаў за тое, каб ушаноўваліся ветэраны беларускага руху. Таму гэтая кніжка будзе каштоўным напамінам пра яго.
Асабіста я праз гады ўдзячны Змітру за ягоную руплівасць на ніве адраджэння Беларушчыны, а галоўнае — за ягонае адкрытае сэрца. Праз першыя публікацыі ў завадской газеце «Маяк», якую выпісвала мая маці, я дазнаўся шмат цікавага пра закрытую камуністамі гісторыю беларускай нацыі, старонкі яе слаўнай гісторыі. Дарэчы, публікацыі з гэтай газеты дапамагалі мне і падчас працы ў сярэдняй школе.
Кніга «Памяці сябра» складаецца з трох частак. Першая — выбраныя артыкулы Змітра Кісяля, пераважна з беластоцкай газеты «Ніва». Другая — успаміны сяброў, многіх з якіх ужо няма сярод нас. Трэцяя частка — мемуарная. Там змешчаныя ўспаміны бацькі Змітра Уладзімера Кісяля — легендарнай асобы, былога вязня ГУЛАГу.
Усе ўдзельнікі імпрэзы мелі магчымасці атрымаць кнігу «Адзін з першых. Памяці сябра. Зміцер Кісель».
Фота Вольгі Корсун