Кастусь Жукоўскі: “Мяне проста дабіваюць штрафамі, пераследам, запалохваннямі”
У пяці судах Гомельскай і Брэсцкай абласцей чакаюць журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага. Чатыры з іх маюць разгледзець адміністрацыйныя пратаколы супраць яго за незаконны выраб прадукцыі СМІ, пяты – за непавагу да самога суда.
“Улады праз міліцыю, суды проста дабіваюць мяне штрафамі, пераследам, запалохваннямі, выштурхоўваюць з інфармацыйнага поля, каб не наступаў нікому на хвост сваімі сюжэтамі. Праўдзівая “карцінка” ім не даспадобы” , – кажа Кастусь Жукоўскі.
У Калінкавіцкі раённы суд паступілі адразу два адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні Жукоўскага, якія склаў участковы інспектар РАУС Сяргей Ціхіня нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Адзін за відэасюжэт “У Калінкавічах развальваецца шматкватэрны жылы дом”, другі – за расповед пра прымусовую вітамінізацыю жыхароў яблыкамі. (Райвыканкам дырэктыўным лістом абавязваў гаспадаркі раёна арганізаваць продаж яблыкаў насельніцтву і даць пасля справаздачу пра выкананне.)
4 снежня будзе разглядацца адміністацыйная справа супраць Жукоўскага ў судзе Гомельскага раёна за нібыта незаконнае інтэрв’юраванне жыхароў прыгараднага пасёлка Чырвоны Багатыр.
Праз дзень, 5 снежня, фрылансера чарговы раз абавязваюць быць у судзе Светлагорскага раёна, дзе прызначаны разгляд адміністрацыйнага пратакола паводле артыкула 24.1 КаАП (непавага да суда). Скандал здарыўся тут 13 лістапада, калі суддзя Руслан Царук разглядаў адміністрацыйны пратакол у дачыненні Кастуся Жукоўскага за асвятленне флэш-мобу супраць “смярдзючага” завода беленай цэлюлозы, пабудаванага кітайцамі.
Выступаючы ў якасці адказчыка, фрылансер Жукоўскі заявіў літаральна наступнае: “Калі завод будзе працягваць выкідваць шкодныя смярдзючыя рэчывы, то дзеці сапраўды будуць ср…ць крывёю”.
Суддзя Царук палічыў дзеяслоў “ср…ць” непавагай да суда. На гэта Жукоўскі неабачліва заўважыў, што суддзя не разумее беларускай мовы, бо гэта звычайнае беларускае слова, звычайны дзеяслоў. Руслан Царук загадаў сакратарцы Кацярыне Грыбковай скласці на фрылансера асобны пратакол. У ім гаворыцца, што Жукоўскі “паводзіў сябе зачэпліва і агрэсіўна, выказваў абразлівыя словы на адрас старшынюючага, парушаў парадак у судовым пасяджэнні”.
У раённы суд Жлобіна міліцыя накіравала адміністрацыйны пратакол за відэасюжэт “БМЗ атручвае жыхароў Жлобінскага раёна”, паказаны ў кастрычніку на тэлеканале “Белсат”. У яго вырабе таксама вінавацяць фрылансера Жукоўскага.
На хатні адрас Жукоўскага прыйшоў і пратакол з Лунінецкага РАУС, складзены паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Тамтэйшыя міліцыянты вінавацяць фрылансера ў незаконнай падрыхтоўцы відэасюжэта для “Белсата” пра жудаснае забойства васьмімесячнай дзяўчынкі.
Пакуль невядома, дзе будзе разглядацца адміністрацыйны пратакол – у Лунінецкім райсудзе ці ў Гомелі, дзе жыве журналіст-фрылансер.
Сёлета Кастуся Жукоўскага ўжо 13 разоў штрафавалі за журналісцкую дзейнасць, агульная сума штрафаў склала 10178, 5 рублёў. Толькі ў лістапададзе на фрылансера міліцыя склала каля дзясятка адміністрацыйных пратаколаў.
Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА