• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Стаяць на сваім»: у Мінску пройдзе кінафестываль WATCH DOCS Belarus Відэа

    13-16 снежня WATCH DOCS Belarus традыцыйна ўтульна ўладкоўваецца ў шчыльнай снежаньскай афішы: мінчане і госці сталіцы будуць мець магчымасць пабачыць не толькі наймацнейшыя дакументальныя фільмы пра правы чалавека, але і паразмаўляць з рэжысёрамі фільмаў і іншымі гасцямі фестываля. А яшчэ можна будзе скласці жартаўлівы рэйтынг самых бяздумных рашэнняў чыноўнікаў за апошні год. 

    У праграме фестываля 15 кінастужак, якія пакажуць у кінатэатры “Мір” і на пляцоўках ОК16, PR3.

    Фестываль, які з’явіўся з мэтай гаварыць пра правы чалавека на мове асабістых і аўтарскіх гісторый, прадстаўляе фільмы з розных куткоў свету. Героеў кінастужак – сапёра-дабраахаотніка з пасляваеннага Іраку, зняволенных жанчын беларускай турмы, шведскую рэп-спявачку Сільвану, вулічных музыкаў Буркіна-Фасо і Нобелеўскага лаурэата прэміі міра – аб’ядноўвае слоган фестываля “Стаяць на сваім”. Моц і слабасць такой пазіцыі фестываль прапаноўвае “разглядзець” як на саміх кінапраглядах, так і падчас спецыяльных мерапрыемстваў з удзелам экспертаў.

    Тэма фестываля раскрывацца праз некалькі ракурсаў:

    • Стаяць на сваім: Невуцтва і ксенафобія

    13 снежня ў 18:30 у кінатэатры «Мір» фестываль адкрые фільм “Белы свет вачыма Даліборэка” – рэдкі і вельмі паспяховы прыклад дакументальнай камедыі. Чэшскі рэжысёр Віт Клусак адпраўляе гледача ў замкнутае кола роздумаў пра тое, якім жудасным можа быць нацызм у сваёй жывучасці, і які нацызм смешны, калі пабачыць рэальнае жыццё тых, у чыі галовы ён пракрадаецца.

    • Стаяць на сваім: Хлусня, нахабная хлусня

    На аснове фільма Максіма Паздароўкіна «Наш новы прэзідент» адбудзецца дыскусія пра фэйкі ў СМІ, постпраўду, прапаганду і пра інфармацыю, якая робіць нас яшчэ больш уразлівымі. Партнёр і месца правядзення прагляду — Press Club Belarus.

    • Стаяць на сваім: Глеба, якой няма пад нагамі

    Размаўляем адкрыта на тэмы рэсацыялізацыі былых асуджаных, эмацыйнага выгарання і дэпрэсіі, інтэграцыі людзей са слабым слыхам.

    • Стаяць на сваім: Захоўваючы здаровы сэнс

    Фільмы «Мужчына, які рамантуе жанчын» — гісторыя пра вайну, у якой жанчыны становяцца зброяй і полем бою, і “Трап у будучыню” – сучасная адысея пра выратаванне тапельцаў у моры паспяховай абыякавасці. З рэжысёрам апошняга фільма, Рэнэ Хэйзкампам, гледачы абмяркуюць адносіны еўрапейцаў і беларусаў да імігрантаў.

    Усе фільмы транслююцца з субтытрамі (на рускай ці беларускай мове), таму дасяжныя для людзей з абмежаваннямі слыху.

    Праваабарончая навінка 2018 года — антыпрэмія “WATCH DOCS пазначыў”

    Да 10 снежня арганізатары фестываля збіраюць намінантаў, якія знервавалі і засмуцілі беларусаў на працягу года. Даведацца пра крытэры і пакінуць сваю прапанову можна на сайце WATCH DOCS. Каманда фестываля сфармуе  спіс прэтэндэнтаў, а гледачам можна будзе прагаласаваць за шорт-ліст падчас праглядаў кіно. Пераможцы будуць абвешчаны падчас урачыстага закрыцця фестываля.

    За вялікай праграмай і навінамі сачыце на сайце Фестываля ці ў сацыяльных сетках.

    Уваход на ўсе прагляды свабодны. Калі хочацаа забраніраваць месца, глядзі старонку праекта на Talaka.by.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці