Бастунец: Свабода слова ёсць крытэрыем захавання ўсіх астатніх правоў
10 снежня святкуецца Сусветны дзень правоў чалавека. У гэтым годзе гэтая дата знамянальная яшчэ тым, што роўна 70 год таму быў прыняты адзін з самых важных дакументаў па правах чалавека — Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Яна прасякнута духам барацьбы з дыскрымінацыяй, перакананнем, што ўсе людзі роўныя і маюць роўныя правы.
Старшыня ГА «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Андрэй Бастунец займаецца абаронай свабоды слова ў Беларусі ўжо доўгі час. Падкрэслівая важнасць і актуальнасць Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека для Беларусі, ён адзначае:
“Свабода слова не ёсць уседазволенасць”, — кажуць час ад часу беларускія чыноўнікі. І маюць рацыю. Бо свабода слова не адносіцца да абсалютных правоў і свабод. Але ж пры гэтым — тычыцца абсалютна кожнага.
На жаль, з рэалізацыяй гэтага права ў Беларусі ўзнікаюць праблемы. Так, у Крымінальным кодэксе ёсць шэсць артыкулаў, якія устанаўліваюць адказнасць за дыфамацыю. Такіх артыкулаў ў дэмакратычным свеце ўжо даўно няма.
Усё часцей і часцей беспадстаўна выкарыстоўваецца заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для падаўлення свабоднага слова. Змены ў заканадаўства аб СМІ, якія ўступілі ў сілу 1 снежня, прадугледжваюць абавязковую ідэнтыфікацыю каментатароў на беларускіх інтэрнет-рэсурсах. Вядома, гэтыя змены закранулі не толькі прадстаўнікоў медыя, але і ўсіх, хто каментуе публікацыі на сайтах ці форумах.
Больш за тое, у Беларусі можна панесці пакаранне і за цалкам пазітыўныя матэрыялы пра краіну. Толькі ў гэтым годзе суды больш за 100 разоў штрафавалі журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з’яўляліся ў замежных медыя. А так званая “справа БелТА” , па якой абвінавачваліся 15 журналістаў, паказала, як супраць журналістаў могуць выкарыстоўвацца і тыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія, здавалася, мусілі б ужывацца супраць хакераў. Толькі гэта не запужала журналістаў, а наадварот — выклікала хвалю салідарнасці і падтрымкі.
Магчыма, шмат хто хацеў бы, каб незалежныя галасы замоўклі. Але ж гэтага не адбудзецца. Бо, як я ўжо казаў, свабода выказвання тычыцца абсалютна кожнага. Свабода слова не толькі адносіцца да фундаментальных правоў і свабод чалавека, але і ёсць крытэрыем захавання ўсіх астатніх правоў».
Сёння назавуць лаўрэатаў Прэміі праваабарончай супольнасці (Глядзіце трансляцыю а 15:50)
Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА
Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2018 годзе (табліца, абнаўляецца)
Электронны бюлетэнь «Масмедыя ў Беларусі» №3 (56). Ліпень — кастрычнік 2018