Канал блогера Nехта будзе выдалены з Ютуба — калі не ўдасца аспрэчыць парушэнне аўтарскіх правоў БТ
Як стала вядома «Нашай Ніве», канфлікт палітычнага блогера Nexta (аўтар — Сцяпан Пуціла) з Белтэлерадыёкампаніяй можа скончыцца тым, што ўжо праз тыдзень, 25 снежня, Ютуб канчаткова выдаліць яго канал.
Раней Сцяпан Пуціла ўжо пазбавіўся амаль усіх сваіх відэа. Некаторыя з іх выдаліў Ютуб пасля скаргаў з боку БТ, АНТ і СТБ, іншыя на час разбіральніцтва схаваў сам блогер.
Тэлеканалы скардзіліся на выкарыстанне свайго відэа, то бок на парушэнне аўтарскіх правоў.
У нейкі час колькасць пададзеных скаргаў стала крытычнай, і Ютуб папярэдзіў Сцяпана, што 25 снежня канал будзе выдалены, калі блогер не здолее аспрэчыць прэтэнзіі.
Такое папярэджанне даслаў Ютуб
Праўда, блогер NEXTA сцвярджае, што ўсё можа яшчэ абысціся, бо Ютуб не лічыць выкарыстанне чужых відэа парушэннем правоў пры пэўных абставінах.
«Мы хочам папярэдзіць вас, што спрэчкі, звязаныя з парушэннем аўтарскіх правоў, не заўсёды развязваюцца на карысць праваўладальніка. Справа ў тым, што ў некаторых краінах работы, абароненыя аўтарскім правам, можна выкарыстоўваць без дазволу. Напрыклад, у ЗША выкарыстанне абароненых матэрыялаў у навінавых і парадыйных відэа, роліках з каментарамі і відэааглядах лічацца дабрасумленнымі.
Аўтары, якія бяруць чужыя работы без дазволу, могуць кіравацца агульнымі прынцыпамі дабрасумленнага карыстання або сумленных паводзінаў або дзейнічаць на падставе выключэнняў, устаноўленых у краіне», — такую інфармацыю да ведама блогера давёў Ютуб.
Сцяпан сцвярджае, што прынамсі адну скаргу ён ужо аспрэчыў, але адказу ад Ютуба яшчэ няма.
У разе закрыцця каналу, кажа блогер, ён будзе спрабаваць пераводзіць аўдыторыю на іншыя платформы.