• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Павел Левінаў: Гарвыканкам не мусіць вызначаць, каго з журналістаў пусціць на прэс-канферэнцыю, а каго — не

    Віцебскі праваабаронца і сябра ГА “БАЖ” звярнуўся ў гарвыканкам з прапановай, каб на арганізаваныя ўладамі прэс-канферэнцыі пускалі ўсіх ахвотных прадстаўнікоў СМІ, а не толькі з “правераных выданняў”.

    Праваабаронца лічыць, што абмежаванні допуску журналістаў на прэс-канферэнцыі, парушаюць  права на свабоду атрымання інфармацыі. Сведкам менавіта такога прэцэдэнту Павел Левінаў стаў  5 лістапада, калі ў Віцебскім гарвыканкаме праходзіла прэс-канферэнцыя наконт вельмі важнай для жыцця горада праблемы: закрыцця на рамонт Полацкага пуцеправода.

    “Гэта мост, які злучаў буйныя гарадскія раёны, і ўсе жыхары Віцебску былі зацікаўленыя ў тым, каб атрымаць найбольш поўную інфармацыю пра тэрміны рамонту, расклад змененага транспартнага руху і гэтак далей. Аднак на прэс-канферэнцыю намесніка старшыні гарвыканкама Сяргея Саглаева, дапусцілі толькі абмежаваную колькасць прадстаўнікоў СМІ.  “Мы запрашаем толькі правераныя СМІ”, — сказалі на ўваходзе тым журналістам, якіх у залу не прапусцілі. Вядома, так быць не павінна, асабліва калі гаворка вядзецца пра найважнейшыя пытанні гарадскога жыцця”, — кажа Павел Левінаў.

    Доступ на прэс-канферэнцыі не мусіць рэгулявацца прыватнымі сімпатыямі ці антыпатыямі старшыні гарвыканкама ці яго намеснікаў, лічыць Павел Левінаў.

    Ён напісаў ў гарвыканкам пералік прапановаў, датычна арганізацыі мерапрыемстваў для журналістаў. Галоўных умоў, на ягоную думку, мусіць быць дзве. Каб пра прэс-канферэнцыі, а таксама пасяджэнні гарвыканкама і іншыя мерапрыемствы, цікавыя гараджанам, паведамлялася загадзя, а не постфактум.   І каб прадстаўнікоў СМІ на іх дапускалі без дадатковага ўзгаднення, а па ўласным жаданні журналіста або рэдакцыі.

    Адказ за подпісам намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Глушына быў кароткі: “Прапановы прыняты да ведама”.

    Без канкрэтных зменаў у стаўленні да журналістаў ён праваабаронцу не задавальняе.   

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці