Медыкаў таксама прымушаюць падпісвацца на дзяржаўную прэсу ДАКУМЕНТ
Чытачы-медыкі даслалі ў «Нашу Ніву» дакумент Міністэрства аховы здароўя, разасланы па ўсёй краіне.
Ён у чарговы раз сведчыць пра практыку прымусовай падпіскі дактарамі на профільныя выданні міністэрства.
«Міністэрства нагадвае пра падпіску на першае паўгоддзе 2019-га на газету «Медыцынскі веснік» і часопіс «Здравоохраніеніе. Helthcare» з дадаткам — часопіс «Медыцынскія веды», у тым ліку і ў сваіх падначаленых арганізацыях. Аб выніках падпісной кампаніі, у тым ліку ў сваіх падначаленых арганізацыях, да 28 снежня праінфармаваць Міністэрства аховы здароўя», — гаворыцца ў дакуменце.
Цана падпіскі на газету «Медыцынскі веснік» — 27,85 рубля.
Як запэўнілі «Нашу Ніву» па нумары, указаным на паперы, што «гэта выключна напамін, ніякіх прымусаў».
Праўда, як кажуць нам медыкі на месцах, у выпадку, калі дадзеныя па арганізацыі будуць «незадавальняючыя», то іх пазбаўляюць прэміі, а начальства нагнятае атмасферу «вінаватасці» ў дачыненні тых, хто не падпісаўся.
Праўда, маўляў, выпадкі адмовы ад падпіскі усё адно ёсць і нават павялічваюцца.
Медыкі кажуць, што падпісваліся б на газету самі, калі б апублікаваная інфармацыя адпавядала іх запытам, а так, маўляў, даводзіцца ўсё цікавае чытаць у інтэрнэце, што і раздражняе людзей.
«Увесь час выходзяць новыя гайды, абнаўляюцца рэкамендацыі. Вось што трэба друкаваць, і не будзе ніякага прымусу. Яшчэ б пра юрыдычную абарону дактароў, пра практыкі пакарання за парушэнні і наадварот. Процьма тэмаў, якія запатрабаваны! А «Медвеснік» нібыта нічога не бачыць, друкуюць у газеце праграму перадач — навошта яна? Патрэбнай інфармацыі вобмаль», — кажуць дактары.