У рэдакцыі «Ганцавіцкага часу» адбылася кансультацыя па тэматыцы міграцыі і мове нянавісці
Прадстаўнікі ПІУ «Цэнтр падтрымкі бежанцаў» правялі для рэдакцыі рэгіянальнага выдання «Ганцавіцкі час» кансультацыю пра сітуацыю з міграцыяй у Беларусі і асвятленні гэтай тэматыкі ў беларускіх медыя.
Першая частка кансультацыі «Бежанцы ў Беларусі — міф ці рэальнасць?» была прысвечана таму, колькі ў Беларусі бежанцаў і што дэ-юрэ і дэ-факта значыць гэты статус, хто гэтыя людзі і з якімі праблемамі сутыкаюцца. Падчас другой часткі — «Мова варожасці ў беларускіх медыя. Як беражліва пісаць пра мігрантаў» — разглядалі, чаму важна выкарыстоўваць карэктную лексіку і якая лексіка ў дачыненні да мігрантаў некарэктная, як распазнаць у тэксце мову варожасці, а таксама чым часцей за ўсё грашаць беларускія СМІ, закранаючы тэму міграцыі, паведамляе сайт refugee.by.
Дарэчы, ёсць бясплатны сэрвіс check.j4t.by, які онлайн правярае тэксты на некарэктную лексіку.
Фота: “Ганцавіцкі час”
У дыскусіі больш актыўна за ўсіх удзельнічаў галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пётр Гузаеўскі. Абмяркоўвалі не толькі медыяреальность, але і штодзённасць. Галоўрэд падзяліўся, што асабіста ведае ўсіх цыганоў у акрузе. Журналісты дзяліліся сітуацыяй знаёмых мігрантаў з Украіны.
«Ганцавіцкі час» — незалежная грамадска-палітычная газета, выдаецца на рускай і беларускай мовах. Наклад — 4 000 асобнікаў (колькасць насельніцтва раёна — каля 27 тыс. чалавек).
Хочаце, каб эксперты прыехалі з кансультацыяй ў вашу арганізацыю або рэдакцыю? Гэта бясплатна. Проста пакіньце заяўку.