Блогера Андрэя Павука міліцыя вывела з Акцябрскага райвыканкама пад рукі з прыгнутай галавой
У гарадкім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці міліцыя затрымала блогера, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Павука, калі ён вёў жывы эфір на сваім YouTube-канале з вестыбюля мясцовага райвыканкама.
Блогер з мясцовай пенсіянеркай Аленай Навічонак чакалі старшыню Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, які прыехаў у Акцябрскі па нейкіх службовых справах. У іх былі асабістыя пытанні, якія не вырашылі мясцовыя чыноўнікі, і патрабавалася ўмяшальніцтва абласнога кіраўніка.
Лейтэнант міліцыі загадваў блогеру спыніць здымкі, а яшчэ прад’явіць пашпарт, каб пацвердзіць асобу. Ніякіх іншых дакументаў міліцыянт не прызнаваў.
Андрэй Павук прасіў патлумачыць, на якой падставе забараняецца весці відэаздымкі ў вестыбюлі раённай адміністрацыі.
— Гэта не грамадскае месца, гэта орган улады, аб’ект пад аховай. Нашай унутранай інструкцыяй забароненыя відэаздымкі, — заяўляў афіцэр міліцыі, які не назваў свайго прозвішча, а толькі паказваў на свой нагрудны знак з нумарам №71432.
— Вы парушаеце Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь — органы ўлады працуюць адкрыта, галосна, — у сваю чаргу тлумачыў блогер міліцыянту.
Пенсіянерка Навічонак абуралася: “Усюды перад намі закрываюць дзверы. А я тут вырасла, працавала, інваліднасць атрымала. Няхай бы Дворнік да нас прыслухаўся”.
Лейтэнант распарадзіўся, каб дзяжурны міліцыянт выклікаў нарад міліцыі.
Прыехалі яшчэ трое міліцыянтаў Светлагорскага аддзела дэпартамента аховы МУС, старшы з іх Сяргей Дацко. (Аддзел гэты абслугоўвае і Акцябрскі раён.)
Блогера Павука ўзялі пад рукі, прыгнулі галаву і вывелі з будынка райвыканкама.
Даставілі Павука ў Акцябрскі РАУС, як было заяўлена, з прычыны непадпарадкавання законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі і высвятлення асобы.
— Трымалі мяне ў райаддзеле міліцыі гадзіну. Прынеслі ксеракопію пашпарта, пыталіся, ці сапраўды адпавядае яна майму пашпарту. Адпусцілі, калі Уладзімір Дворнік ужо з’ехаў. Пратакол пры мне не складалі, — паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Павук.
Блогер Павук з’яўляецца заснавальнікам у сацыяльных сетках папулярнай суполкі “Рудабельская паказуха”, ён здымае відэасюжэты пра мясцовае жыццё, у якіх часта дастаецца і мясцовым чыноўнікам.
Андрэй Павук: Калі спяваў у вёсцы, думаў, што кіёчкам па галаве ляснуць. Але не — пахвалілі