Суд у Гродне не задаволіў скаргу журналіста
У Гродзенскім абласным судзе 15 студзеня адбыўся разгляд скаргі журналіста, сябра ГА «БАЖ» Уладзіміра Хільмановіча на рашэнне суда Свіслацкага раёна. Суддзя Андрэй Ліхач скаргу не задаволіў, рашэнне пра пакаранне журналіста пакінуў у сіле.
27 кастрычніка 2018 года Уладзімір Хільмановіч удзельнічаў у штогадовым ушанаванні памяці паўстанцаў 1863–1864 гг. у г. Свіслач і ў вёсцы Якушоўка — мясцінах, непарыўна звязаных з братамі Каліноўскімі.
3 снежня 2018 года суддзя Свіслацкага райсуда Гродзенскай вобласці Жанна Салагубік пасля разгляду адміністрацыйнай справы Уладзіміра Хільмановіча пакарала яго штрафам у памеры 15 базавых велічыняў (367,5 рублёў) за нібыта арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ).
Адмову ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Свіслацкага раёна Уладзімір Хільмановіч пракамэнтаваў карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ»:
“Ніякіх ілюзій я не меў, бо не было яшчэ прэцэдэнтаў, калі б Гродзенскі абласны суд па “свіслацкіх” справах задаволіў хаця б адну касацыйную скаргу. Я не на гэтулькі наіўны, каб спадзявацца, што яны будуць разглядаць маю скаргу ў законным парадку, але не паводле палітычных матываў. Калі адбываецца такі пераслед, па сутнасці, за іншадумства, за права на гістарычную і нацыянальную памяць, то адказнасць будзе на тых людзях, якія яго ажыццяўляюць — на суддзях і супрацоўніках праваахоўных органаў. Гэтыя людзі будуць несці адказнасць перад гісторыяй і перад нашчадкамі”.
З рашэннем Гродзенскага аблсуда Уладзімір Хільмановіч катэгарычна не згодны і збіраецца звяртацца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН:
“Я лічу, што абскарджваць рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях няма сэнсу. Па сутнасці, усё вырашае разгляд касацыйнай скаргі на ўзроўні абласнога суда. Я мяркую далей накіроўваць скаргу ў КПЧ ААН”.
Падтрымаць вядомага гродзенскага журналіста прыйшлі ягоныя калегі, праваабаронцы і грамадскія актывісты.
Раней, 26 снежня 2018 году, у Гарадзенскім абласным судзе разглядалася аналагічная скарга журналіста і праваабаронцы Віктара Сазонава на рашэнне суду Свіслацкага раёну, паводле якога ён быў засуджаны да адміністратыўнага штрафу ў памеры 15 б.в. за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Нягледзячы на сведчанні Віктара Сазонава пра тое, што ён здзяйсняў выключна прававы маніторынг Дня памяці паўстанцаў, рашэнне пра пакаранне Гарадзенскі абласны суд пакінуў у моцы.