Блогер Андрэй Павук атрымаў адказ на затрыманне ў жывым эфіры — ад начальніка ўпраўлення Дэпартамента аховы і старшыні райвыканкама
На скаргу блогера Андрэя Павука пра затрыманне яго ў вестыбюлі Акцябрскага райвыканкама падчас жывога эфіру адказаў начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусі Аляксандр Лісімаў.
Ён паведамляе, што будынкі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў уваходзяць у пералік аб’ектаў, якія абавязкова ахоўваюцца Дэпартаментам аховы. А прапускны рэжым у будынак Акцябрскага раённай адміністрацыі арганізаваны ў адпаведнасці з інструкцыяй “Аб арганізацыі прапускнога рэжыму ў будынку Акцябрскага райвыканкама”, распрацаванай кіраўніком спраў райвыканкама і зацверджанай старшынёй выканкама 28.12.2018 года.
Згодна гэтай інструкцыі, “у будынку райвыканкама забаронена: ажыццяўляць фота‑, відэаздымкі, ажыццяўляць аўдыёзапіс з дапамогай фота‑, відэа‑, аўдыёапаратуры, мабільных тэлефонаў без узгаднення са старшынёй райвыканкама альбо яго намеснікам, кіраўніком спраў”.
Адміністрацыя райвыканкама не паведамляла супрацоўнікам падраздзялення аховы пра дазвол блогеру Павуку весці відэаздымкі ў будынку выканкама 15 студзеня, – даводзіць далей спадар Лісімаў. – Таму начальнік падраздзялення аховы аб’ектаў у Акцябрскім лейтэнант міліцыі Сяргей Дацко правамерна патрабаваў спыніць відэаздымкі і прадаcтавіць асабісты дакумент.
“У дачыненні Вас не было дапушчана ўшчамлення законных правоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй”, — робіць выснову ў лісце на адрас блогера Павука палкоўнік міліцыі Лісімаў.
Нагадаем, што 15 студзеня блогер Андрэй Павук з мясцовай пенсіянеркай Аленай Навічонак чакалі ў вестыбюлі райвыканкама старшыню Гомельскага аблвыканкама Уладзімера Дворніка, які прыехаў у Акцябрскі па нейкіх службовых справах. У іх былі асабістыя пытанні, якія не вырашылі мясцовыя чыноўнікі і патрабавалася ўмяшальніцтва абласнога кіраўніка. Павук вёў жывы эфір на сваім YouTube-канале.
Лейтэнант міліцыі Дацко загадаў блогеру спыніць здымкі, а яшчэ прад’явіць пашпарт, каб пацвердзіць асобу. Ніякіх іншых дакументаў міліцыянт не прызнаваў.
Андрэй Павук папрасіў патлумачыць, на якой падставе забараняецца весці відэаздымкі ў вестыбюлі райвыканкама. Тлумачыў міліцыянту, што гэта грамадскае месца, а праз забарону ён сам парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, бо органы ўлады працуюць адкрыта, галосна.
— Гэта не грамадскае месца, гэта орган улады, аб’ект пад аховай, — цвердзіў лейтэнант, а пасля выклікаў дадатковы нарад міліцыі, і блогера вывелі з райвыканкама пад рукі з прыгнутай галавою.
Даставілі Андрэя Павука ў Акцябрскі РАУС, як было заяўлена, з прычыны непадпарадкавання законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі і высвятлення асобы. Адпусцілі праз гадзіну, калі старшыня аблвыканкама Дворнік з’ехаў.
“Нарэшце атрымаў дакументальнае пацвярджэнне таго, што чыноўнікі сваімі інструкцыямі абмяжоўваюць правы грамадзян, замацаваныя ў беларускім Асноўным законе. А міліцыя — яна рада старацца, выконваць інструкцыі чыноўнікаў, не зважаючы на законы”, — сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Павук.
“Хочаце зняць – маеце поўнае права, але ўзгадніце”
Блогер паспрабаваў высветліць у старшыні Акцябрскага райвыканкама Андрэя Бараноўскага, ці можна ўсё ж такі рабіць відэаздымкі ў будынку райвыканкама?
“У будынку любога выканкама ёсць пэўныя дакументы і пэўныя памяшканні, якія звязаныя з тэрытарыяльнай абаронай і бяспекай краіны ў цэлым. Гэтыя дакументы, матэрыялы, кабінеты маюць пэўны грыф сакрэтнасці. Як у грамадскім месцы ў холе здымаць можна, але ёсць у будынках райвыканкамаў некаторыя месцы, які не пажадана здымаць. Бо я не ведаю, хто будзе тыя відэаздымкі глядзець і як у будучым гэта будзе прымяняцца. Вас просяць узгадніць, дзе вы будзеце здымаць. Яшчэ раз кажу: у холе — калі ласка. Але калі хочаце яшчэ дзе-небудзь пабегаць, пахадзіць, працоўныя моманты зняць — маеце поўнае права, але, калі ласка, узгадніце”, — патлумачыў блогеру сваё стаўленне да відэаздымкаў старшыня Акцябрскага райвыканкама Бараноўскі.