• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лявон Вольскі распавёў, чаму Ганна Вольская не пайшла на хіміятэрапію

    — Хачу спытаць у вас пра Ганну. Два гады таму памерла Ганна Вольская…

    — Ужо амаль тры.

    — Не толькі ваша жонка, але і знакавы чалавек для беларускай культуры. У яе была анкалогія, страшная хвароба, ад якой памірае, на жаль, усё больш і больш людзей. Яе блізкія сябры казалі, што яна прыняла рашэнне не лячыцца, так бы мовіць, традыцыйнымі метадамі, хіміятэрапіяй. Вы спрабавалі нейкім чынам на яе паўплываць і змяніць гэтае рашэнне?

    — Па-першае, не было дыягназу афіцыйнага, паколькі яна не звярталася да афіцыйнай медыцыны. Былі нейкія такія здагадкі, што, хутчэй за ўсё, гэта «гэта». Яна звярталася ў цэнтр нетрадыцыйнай медыцыны, яе там арыентавалі па-рознаму. Таксама казалі, што наўрад ці гэта анкалогія. Яна, наколькі я разумею, падазравала, што ўсё гэта вельмі сур’ёзна, але лічыла за лепшае гэтым не вельмі пераймацца. Лячылася тымі нетрадыцыйнымі метадамі. Безумоўна, я час ад часу казаў, што можа быць усё ж такі «трэба». Але яна была абсалютна… Трэба проста ведаць, што яна мэтанакіравана праводзіла гэтую палітыку ўсё жыццё. Што афіцыйная медыцына можа быць прыцягнутая толькі ў выпадку, калі ў цябе, напрыклад, пералом. Ці ангіна пераходзіць у стадыю абсцэсу, ці як гэта называецца?

    — Запаленне?

    — Ну калі трэба ўжо скальпелем рэзаць, быў такі выпадак. А калі вось такія рэчы, то лепей не звяртацца. Шмат вельмі літаратуры ёсць пра традыцыйную медыцыну, асабліва якая займаецца анкалогіяй. У нас толькі дзяржаўная медыцына займаецца анкалогіяй, няма ніякіх альтэрнатыў, як у Швейцарыі там, у Італіі дзе-небудзь. У Італіі і тое мала.

    — У Ізраілі.

    — У Ізраілі і свая нармальная.

    Таму да гэтага рэзка адмоўнае стаўленне. І ўплываць па-сур’ёзнаму — гэта выключана. Бо гэта проста «машына смерці», усё адно і тое ж. Гэта хіміятэрапія, якая забівае і здаровае, забівае імунітэт. У арганізме не застаецца ні на што сілаў, і вынік аднолькавы заўсёды. Ты застаешся ўжо не чалавекам, а нейкай гароднінай.

    — Вы таксама традыцыйную медыцыну не прымаеце?

    — Часткова так. Не тое, каб ужо зусім так, як Ганна, але часткова не прымаю.

    — Яна больш практычны чалавек была?

    — Ну так. Але калі паглядзець, то па вялікім рахунку «такі практычны»…

    Ну напачатку асабліва, каб накіраваць мяне. Бо я быў настолькі непрактычны, што лічыў, што не трэба грошы браць за канцэрт. Навошта? І так жа класна! Ты граеш, гэта твая справа, людзям падабаецца.

    — Да якога года вы так лічылі?

    — Ой, доўга я так лічыў. Ёй давялося шмат вельмі намаганняў прыкласці, каб пераламаць маё стаўленне да гэтага. Калі мы пачыналі рабіць «Вечар-2000», я казаў прадзюсару: «Ай, мне можна не плаціць». На што яна казала (мы разам сядзелі на сустрэчы): «Што ты такое гаворыш?» А я: «Ай, і так нармальна, класна. Зробім праект. [І потым] …Тады плаціце, угаварылі».

     

    23 сакавіка 2016 года ад анкалагічнай хваробы пайшла з жыцця сябра ГА “БАЖ” Ганна Вольская, жонка вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага.

    Ганна Вольская нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года.

    Скончыла Інстытут культуры. У 1995–1996 гадах працавала ў рэкламным аддзеле легендарнага “Радыё 101.2”, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. Ганна пэўны час была дырэктарам гурту N.R.M., з’яўлялася нязменным прадзюсарам музычнага праекта “Крамбамбуля” і сольных альбомаў Лявона Вольскага, выступала суаўтаркай сцэнару, прадзюсарам і нават акторкай у некалькіх праектах для тэлеканала “Белсат” (“Снежны завулак”, “Назад у будучыню”). Сябра ГА “БАЖ” з 2009 года.

    У Мінску развіталіся з Ганнай Вольскай ФОТА

    Ганна Вольская: «Каб у нас тут быць культурным чалавекам, спачатку трэба адчуць сябе беларусам»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці