Радзіма нагадала пра сябе Канстанціну Жукоўскаму чарговым пратаколам ДАКУМЕНТ
На адрас журналіста-фрылансера Канстанціна Жукоўскага прыйшоў чарговы пратакол аб здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па ч.2 арт 22.9 КаАП ( (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пікантнасць сітуацыі дадае той факт, што Жукоўскі яшчэ напрыканцы студзеня з’ехаў з Беларусі разам з сям’ёй і папрасіў прытулку ў адной з еўрапейскіх краін. У інтарэсах асабістай бяспекі краіну знаходжання уцякач пакуль не называе.
Пра чарговы пратакол у дачыненні да Жукоўскага паведаміў у сацыяльных сетках гомельскі журналіст Андрэй Толчын, які таксама атрымаў па пошце аналагічны пратакол з … Лунінца.
У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння, складзеным 5 лютага пазначана, што яшчэ 30 кастрычніка 2018 года Андрэй Толчын разам з Канстанцінам Жукоўскім «ажыццявіў інтэрв’юіраванне жыхара горада Лунінца і змясціў матэрыял на тэлеканале БелСАТ”.
“Падначаленым Шуневіча няма чым заняцца… З Берасцейскай вобласці, з Лунінца вось такое прывітанне… А потым кажуць, што няма ні пераследу, ні спісаў на пераслед. Аднак наяўнасць пратакола «другой свежасці» сведчыць іншае… Хіба не так?” — каментуе сітуацыю ў фэйсбуку Андрэй Толчын.