Журналістаў «Белсату» апраўдалі пад воплескі ў зале суда
Cуд Ленінскага раёна Гродна 24 красавіка працягнуў судовы працэс па справе журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА “БАЖ” Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыны Ляўдацкай. Іх абвінавачвалі ў незаконным вырабе прадукцыі сродку масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Пасля выступаў абвінавачаных і невялікага перапынку суддзя Дзмітрый Бубенчык агучыў рашэнне: адміністрацыйную справу з-за недаказанасці віны спыніць.
Падставай для адміністрацыйнага пераследу адразу трох журналістаў стаў паказаны на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” відэарэпартаж з вёскі Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна — гістарычнай радзімы сусветна вядомага рок-музыкі Чэслава Немана.
Падчас першага судовага пасяджэння, 22 красавіка, журналісты засведчылі, што насамрэч прысутнічалі 16 лютага ў вёсцы Старыя Васілішкі, аднак сваю датычнасць да стварэння згаданага вышэй рэпартажу катэгарычна абверглі.
З пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні вынікала, што Алесь Дзянісаў знаходзіўся ў Старых Васілішках 16 лютага 2019 года, далей у гэтым жа пратаколе пазначана, што рэпартаж на тэлеканале “Белсат” выйшаў у эфір 5 лютага, то бок за адзіннацаць дзён да наведвання журналістам вёскі.
Паказанні сведак у судзе істотна разышліся з ранейшымі сведчаннямі, якія яны далі шчучынскай міліцыі. Таксама сведкі не змаглі ні апазнаць журналістаў, ні пацвердзіць, што менавіта Дзянісаў, Кайрыс і Ляўдацкая прымалі ўдзел у стварэнні рэпартажу пра Чэслава Немана. А ў выніку прагляду відэасюжэта падчас судовага слухання было вызначана, што ў тытрах яго аўтарамі ўказаныя абсалютна іншыя людзі.
Фігуранты адміністрацыйнай справы падзяліліся сваімі меркаваннямі адносна вынікаў суда з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
“З 2008 года гэта першае апраўдальнае рашэнне суда ў дачыненні да мяне. Добра, што прадстаўнікі судовай улады ўбачылі абсурднасць абвінавачвання. Прычына — тапорнасць працы шчучынскай міліцыі. У матэрыялах справы ўсе трое сведкаў далі практычна аднолькавыя паказанні. У судзе ж сведкі сказалі, што нас не ведаюць, не пазнаюць і не памятаюць, каб мы іх здымалі”, — кажа Алесь Дзянісаў.
Кася Ляўдацкая зазначыла, што ганебна, калі журналістаў прыцягваюць да адказнасці, нават не праверыўшы матэрыялы справы і доказавую частку: “Вельмі непрыемныя ўражанні, калі прыцягваюць у якасці сведкаў бедных, сталых людзей, нешта ад іх хочуць, прымушаюць падпісваць нейкія паперкі. Гэтая сістэма ўся прагніла, невядома, як у ёй можна функцыянаваць і жыць.”
Аляксей Кайрыс мяркуе, што бок абвінавачвання наўрад ці наважыцца абскарджваць судовае рашэнне.
“Шчучынскія міліцыянты не разабраліся ў сітуацыі. Усё гэта выглядала вельмі смешна, бо ў відэа ёсць аўтары. Мне падаецца, што суддзя, пабачыўшы абсурднасць сітуацыі, вырашыў ухваліць слушны прысуд”, — кажа Кайрыс.
Гродзенскіх журналістаў прыйшлі падтрымаць калегі, мясцовыя праваабаронцы і грамадскія актывісты. Калі суддзя зачытаў пастанову, зала выбухнула апладысментамі.