Славаміра Адамовіча вінавацяць у экстрэмізме за публікацыю ў «Новым Часе» ў 2010 годзе
На Славаміра Адамовіча складзены пратакол паводле арт 17.11 КаАП РБ (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе яе).
Справа тычыцца апавядання «Ніколі не пытайся адкуль я», якое выйшла ў газеце «Новы Час» 24 снежня 2010 года.
“Экспертная камісія” ў заключэнні №92 ад 18 красавіка 2019 года выявіла ў апавяданні прыкметы “экстрэмізму”. У пратаколе таксама напісана, што нібыта гэта заключэнне накіравана на электронную скрыню рэдакцыі. (заўв. — Ніякага заключэння рэдакцыя не атрымлівала).
Як паведаміў сам Славамір Адамовіч на сваёй старонцы ў фб, заключэнне было зроблена на падставе пісьма Пухавіцкага РАУС ад 04.04.2019, і падпісанае 8 асобамі. У пратаколе таксама паведамляецца, што справа Адамовіча накіраваная ў суд.