• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гродне пройдзе фотавыстава Аляксандра Саенкі: пра гульню святла, ценю і эмоцый

    Вернісаж выставы гродзенскага фатографа Аляксандра Саенкі адбудзецца 14 чэрвеня. Аўтар найбольш вядомы як рэпартажны фатограф, але для сябе здымае ў стылі гульні святла і ценяў. Новы праект называецца “Прыдуманы горад”, ён вельмі асабісты. Каб разабрацца ў вобразах і сімвалах, Hrodna.life пагутарыў з аўтарам.

    “Прыдуманы горад” – гэта роздум пра траўмы мінулага. Гэта спроба чарговы раз адказаць на галоўнае чалавечае пытанне – хто я? Гэта спроба раскрыць таямніцы самога сябе праз прызму святла і ценю. Гэта паглыбленне ў прыдуманы свет, дзе сярод шэрых сцен даўно згас агмень, а ў вачах засталіся толькі жаданні і надзеі, парослыя бур’янам. Калі цягнешся да зорак, але імкліва падаеш у церні, дзе пустэча наперадзе і пустэча за табой, у якой вінаваты ты сам…” – так піша пра выставу Аляксандр.

    Унутраны горад

    Выставы Аляксандра Саенкі бываюць у Гродне нячаста, прыблізна раз на два гады. Ён патлумачыў, што гэты тэрмін – як бы жыццёвы цыкл, за які адбываецца даследаванне гарадскога жыцця і рашэнне ўнутраных праблем.

    “Калі чалавек ідзе па горадзе, ён часта не заўважае гульні святла і ценю. Гэта мой прыдуманы свет, у якім апынаюся штодзень, калі бачу нейкія нестандартныя рэчы, рэчы пад іншым вуглом”.

    Траўмы, пра якія распавядае Аляксандр – гэта праблемы асабістага характару, праблемы адносінаў мужчыны і жанчыны, адносінаў з дзецьмі. Такія мае ці не кожны.

    “Мне вельмі важна, каб гледачы знаходзілі свае метафары. У кожнага свае праблемы, і калі глядзіш на карцінку, водгуллі, метафары знаходзяцца. Гэта класна, што я бачу на выяве адно, бо быў у гэтым моманце, а чалавек пабачыць абсалютна іншае”.

    У Гродне пройдзе фотавыстава Аляксандра Саенкі: пра гульню святла, ценю і эмоцый

    Здымкі на выставе не пастановачныя, усе моманты – злоўленыя. Сярод герояў ёсць і знаёмыя фатографа, але на фота не бачна твараў, яны схаваныя ў цені. Аўтар кажа, што не любіць, каб людзей на здымках пазнавалі, як і не хоча паказваць твары дарагіх яму людзей: “Мне не важна, хто гэта зняты, а важны кантэкст, у якім гэта адбывалася”.

    На выставе – пераважна мабільная фатаграфія

    “Я ўжо блізу двух год прыхільнік мабільнай фатаграфіі – хуткай, дзе для мяне важна бачыць і фіксаваць. Са з’яўленнем iPhone з’явілася лёгкасць у фатаграфіі, я думаю пра выяву, а не пра тэхнічны бок, наладкі, ці якім аб’ектывам мне гэта зняць. Для мяне гэта новы віток, калі важны змест, а не форма, ці інструмент, якім гэта знята”. Апрацоўка здымкаў да выставы была мінімальная.

    Выстава пра эмоцыі

    Аляксандр – прафесійны фатограф-рэпартажнік. Выставы – гэта тое, што ён аддзяляе ад працы і робіць для сябе. Гэта яго спосаб размовы са светам.

    Менавіта гэтая выстава – асабістая.

    “У мяне былі выставы “Тралейбуснае дэпо”, “Едакі” – гэта былі мастацка-рэпартажныя здымкі. Там уздымаліся сацыяльныя праблемы беднасці, бамжоў, паказваліся ўмовы працы. Цяперашняя выстава – мае вышукі на тэму душэўнасці”.

    У Гродне пройдзе фотавыстава Аляксандра Саенкі: пра гульню святла, ценю і эмоцый

    Аляксандр Саенка вядзе Insta­gram, паступова выкладаючы туды свае працы. “Я прыхільнік дазавана паказваць аўдыторыі сваю творчасць у стылі святла і ценю”.

    Мяжа паміж працай і мастацтвам

    “Для выданняў, з якімі я працую, важна, каб глядач адразу добра разумеў, гледзячы на выяву, што, дзе і калі. Пра некаторыя здымкі я ведаю, што я іх не прадам, гэта толькі для душы”. Калі сабралася нейкая колькасць матэрыялу, стала бачна, што ён укладаецца ў цэлае, тады была напісана і канцэпцыя выставы”.

    У Гродне пройдзе фотавыстава Аляксандра Саенкі: пра гульню святла, ценю і эмоцый

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці