Прэс-сакратарка Мінсельгаса — журналісту: Спыняйце займацца гэтай х***ёй. Н***уй вам каментар? АЎДЫЯ
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі Ігар Брыло выклаў у інстаграме здымак, на якім ён пазіруе ў майцы Russia на барысаўскім прадпрыемстве «Здравушка». СМІ звярнулі ўвагу на гэты выпадак, пасля чаго чыноўнік закрыў свой акаўнт.
«НН» у панядзелак звярнулася да прэс-сакратаркі Міністэрства сельскай гаспадаркі Зінаіды Берашчэнка з просьбай пракаментаваць сітуацыю. У першай размове спадарыня Зінаіда паабяцала пагаварыць з Ігарам Брыло, а падчас другога тэлефанавання яе настроі істотна змяніліся.
Прэс-сакратарка… абмацюкала журналіста і заявіла, што закрывае тэму.
Прыводзім даслоўную размову з чалавекам, які адказвае ў ведамстве за сувязі са СМІ.
«Наша Ніва»: Зінаіда Яўгенаўна, добры дзень яшчэ раз, Дзмітрый Панкавец з «Нашай Нівы». Скажыце, не атрымалася ў Ігара Вячаслававіч спытаць?
Зінаіда Берашчэнка: Паслухайце, гэта не тая тэма, якую вы спрабуеце палітызаваць. Перастаньце вы займацца гэтай х***ёй, дзе ёй не трэба займацца.
«НН»: Э…
ЗБ: Я вам кажу: з’ездзіце вы лепш у калгас, так, зрабіце вы добры матэрыял пра пасяўную, пра тых мужыкоў, якія прыходзяць дадому толькі папіць чай ці яшчэ што. Хопіць палітызаваць. Скажыце, якую ідэалогію вы закладаеце? Памяняць настроі людзей?
«НН»: Якія настроі?
ЗБ: На***уй вам той каментар?
«НН»: Стоп, бо гэта беларускі чыноўнік, якія ходзіць у майцы іншай дзяржавы.
ЗБ: Вам якая справа ў чым ён ходзіць?
«НН»: Мы прадстаўнікі беларускага грамадства, беларускае выданне.
ЗБ: Якое грамадства вы прадстаўляеце? Якое? Назавіце яго.
«НН»: Беларускае.
ЗБ: Якое? «Нашу Ніву»? Чаму вы гаворыце за ўсё беларускае грамадства?
«НН»: Не за ўсё, а за яго частку.
ЗБ: Якую частку?
«НН»: Тых чытачоў, якія нас чытаюць. Мы трэцяе па папулярнасці выданне ў краіне.
ЗБ: Пасля каго?
«НН»: Tut.by і «Анлайнера».
ЗБ: Добра, хто вам даў паўнамоцтвы?
«НН»: Галоўны рэдактар Марціновіч Ягор Аляксандравіч. Добра, каментара не будзе, як я разумею?
ЗБ: Няма яго, ён на нарадзе ў Савеце міністраў. Паслухайце, спыняйце палітызаваць там, дзе гэта не трэба рабіць. Спыняцеся ўкладваць у галовы грамадства тое, што не трэба ўкладваць. Вы ўвогуле некарэктна сябе паводзіце. Вы што, хочаце памяняць настроі людзей?
«НН»: Якія настроі?
ЗБ: Вось ваша прыставанне да гэтай майкі.
«НН»: Людзей гэта абурае, пачытайце каментары.
ЗБ: Што вы гэтым хочаце сказаць?
«НН»: Дзяржчыноўніку недапушчальна насіць майкі іншых дзяржаваў.
ЗБ: Ігар Вячаслававіч чалавек, які бывае ў Польшчы, яму там падарылі майку, што яму з ёй рабіць? Спаліць? Лазню падтапіць? Ён быў на Алімпіядзе, яму там падарылі нейкі касцюм, і што, калі ён яго апране, яму што, нельга яго насіць? Яму цяпер насіць трусы, якія вы хочаце, майку, блін, можа, яшчэ і прэзерватыў, які вы хочаце?
«НН»: Не, толькі з беларускае [маецца на ўвазе з беларускай сімволікай].
ЗБ: Паслухайце, гэта ўвогуле прыватны здымак. Чаму вы прыватнае пераўтвараеце ў палітыку?
«НН»: Што значыць прыватнае? Гэта інстаграм чыноўніка.
ЗБ: Ну калі ён там быў у выхадны дзень.
«НН»: Стоп, вы самі казалі, што 1‑га ліпеня — гэта панядзелак.
ЗБ: Усё, пака. Тэму гэтую мы закрылі. Вы яе адкрылі, а мы закрыем. Зачыняем дзверы, на гэтым усё.