Слуцкія журналісты збіраюць грошы на сувенірны набор паштовак «Уладары Случчыны» ФОТА
На платформе «Талака» слуцкія журналісты запусцілі кампанію па зборы сродкаў на сувенірны набор гістарычных паштовак «Уладары Случчыны». Кожны можа падтрымаць праект альбо замовіць набор.
Друкаванай сувенірнай прадукцыі, прысвечанай Слуцку і раёну, іх гісторыі, выдадзена няшмат. Таму выпуск камплекта паштовак «Уладары Случчыны», што распавядае пра дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, ад якіх некалькі стагоддзяў залежала жыццё Слуцка, будзе актуальным, — гавораць калегі.
Набор паштовак будзе цікавы не толькі дарослай аўдыторыі, але і моладзі, якая ў 21‑м стагоддзі чытанню кніг аддае перавагу прагляду стужак у сацсецях і мала ходзіць на выставы.
Сувенірны набор «Уладары Случчыны» для дыпломнага праекта зрабіла супрацоўніца газеты «Кур’ер» Анастасія Улашчык, дапамог ёй у гэтым навуковы супрацоўнік Ігар Ціткоўскі, слуцкі краязнаўца і сябра рэдкалегіі газеты «Кур’ер».
Дзесяць паштовак і брашура з кароткімі гісторыямі пра кожнага ўладальніка Слуцкага краю стануць выдатным падарункам замежніку, настаўніку гісторыі, школьніку, студэнту і любому чалавеку, які цікавіцца гісторыяй Случчыны і Беларусі ў цэлым.
ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ