З сайта Мінсельгаса знікла згадка пра скандальную прэс-сакратарку Зінаіду Берашчэнка
Згадка пра прэс-сакратарку Зінаіду Берашчэнка знікла з сайта Міністэрства селькай гаспадаркі і харчавання. Па ўказаным на сайце нумары вось ужо другі працоўны дзень ніхто не адказвае. Звязацца з ёй па мабільным тэлефоне таксама не атрымліваецца.
Зінаіда Берашчэнка трапіла ў скандал 15 ліпеня, калі абмацюкала карэспандэнта «НН», які звярнуўся да яе па каментар.
На наступны дзень прэс-сакратарка папрасіла прабачэння за сваю «эмацыйнасць».
«Наша Ніва» звярнулася да міністра сельскай гаспадаркі Анатоля Хацько з просьбай прыцягнуць Зінаіду Берашчэнка да дысцыплінарнай адказнасці і не працягваць з ёй працоўны кантракт.
Супрацоўнікі ведамства расказалі, што «міністр сам разбіраўся ў сітуацыі». Якое рашэнне ён прыняў, пакуль невядома. Аднак згадка пра Берашчэнка ўжо знікла з сайта Мінсельгаса.