Выстава World Press Photo адкрылася ў Гродне ШМАТ ФОТА
Выстава World Press Photo, на якой можна пабачыць найлепшыя сусветныя прэс-фатаграфіі 2018 года, адкрылася ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродне.
Культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ прывозіць выставу ў Беларусь ужо чацвёрты раз.
Выстава паказвае вынікі штогадовага конкурса World Press Photo, які сёлета ладзіўся 62-гі раз. Конкурс адзначае прафесійных фатографаў за найлепшыя кадры — асобныя здымкі або серыі, — зробленыя імі на патрэбу візуальнай журналістыкі ў папярэднім годзе.
Пра выставу распавядае прадстаўніца беларускай каманды арганізатараў, дырэктарка культурніцка-адукацыйнага цэнтра ЦЭХ Юлія Дарашкевіч:
— Прывозіць такія вялікія выставы — складана, але мы гэта робім не ўпершыню, у нас суперзладжаная вялікая каманда, шмат валанцёраў, таму нам гэта рабіць у задавальненне. Конкурс World Press Photo адбываецца дзесяцігоддзямі і кожны раз гэта зрэз таго, што адбылося ў свеце за год. Адзін год выходзяць у топ мігранты, у іншы — тэракты. Нельга казаць, што нейкая выстава больш яскравая, цікавая, адметная.
Топ гэтага года — здымак дзіцяці. Сям’ю раздзялілі на мяжы ЗША і Мексікі, дзіця плача і, безумоўна, гэта вельмі кранальна. Фотаздымак прагназавальна ўвайшоў у топ і абляцеў увесь свет. Тэмы фактычна штогод паўтараюцца: гэта і нейкія агульныя навіны, і доўгатэрміновыя праекты, ёсць спорт, навакольнае асяроддзе, праблемы экалогіі.
“Мне вельмі прыемна, што гэта выстава завітала ў Гродна. На ёй можна пабачыць абсалютна розныя тэмы з розных куткоў планеты: прырода, гарачыя кропкі. Яны знятыя нестандартна, заўсёды ёсць чаму павучыцца,” — гаворыць гродзенскі фатограф Аляксандр Саенка.
Сёлета 4738 фатографаў са 129 краін падалі на конкурс 78 801 фотаздымак. Візуальныя гісторыі ацэньваюцца паводле наступнага крытэру — дакладнае, сумленнае і пераканаўчае адлюстраванне нашага свету. Працы мусяць адпавядаць нормам этыкі, а фотапрацы пераможцаў праходзяць строгую праверку на праўдзівасць. Гэта гарантуе дакументальную дакладнасць сцэн, сведкам якіх зрабіўся фатограф.
У журы конкурсу ўваходзяць прызнаныя прафесіяналы фотажурналістыкі. Склад журы змяняецца штогод.
Фундацыя World Press Photo верыць у сілу выявы і важнасць дэманстрацыі высакаякасных візуальных гісторый.
Экспазіцыя арганізаваная ў партнёрстве з Цэнтрам гарадской жыцця (Гродна) пры фінансавай падтрымцы Пасольства Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.
Паглядзець выставу ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродне можна да 29 жніўня гэтага года. Уваход бясплатны.