• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гарадзенскія праваабаронцы выступілі супраць дыскрымінацыі беларускай мовы

    Гарадзенскія назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч накіравалі ў абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты звароты з нагоды дыскрымінацыі беларускай мовы.

    Уладзімір Хільмановіч,  Віктар Сазонаў, Раман Юргель. Фота "Гарадзенскай Вясны"

    У іх яны звяртаюць увагу на тое, што адбываецца сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы на галоўных дзяржаўных сайтах вобласці. Нават зараз, у час выбарчай кампаніі, калі заканадаўства абавязвае праз сайты выканкамаў належна інфармаваць насельніцтва пра ход кампаніі, на беларускамоўных версіях сайтаў беларуская мова ігнаруецца. Змест у нібыта беларускамоўнай версіі сайтаў падаецца толькі па-руску, адзначаюць праваабаронцы.

    У тэксце звароту ў аблвыканкам гаворыцца наступнае:

    «Сайт Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ёсць галоўным дзяржаўным сайтам Гродзенскай вобласці. Ён з’яўляецца важным элементам камунікацыі і інфармавання грамадзян пра дзяржаўную палітыку і жыццё рэгіёна. На жаль, гэты сайт паўнацэнна функцыянуе і інфармуе грамадзян толькі на рускай мове. А між тым, дзяржаўная беларуская мова ёсць адной з найпершых адметнасцяў нашай краіны. Мова тытульнай нацыі не можа быць дыскрымінаваная, тым больш, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь яна з’яўляецца дзяржаўнай і гістарычна першай атрымала такі статус. Беларуская мова ў публічнай камунікацыі дэманструе ўсім незалежнасць нашай дзяржавы, прэзентуе адметнасць яе культуры і традыцый”.

    Назіральнікі падкрэсліваюць, што ўсё сказанае датычыцца і інфармацыі пра выбары ў краіне. На сайце створаны беларускамоўны банер “Выбары”, аднак напаўненне гэтай рубрыкі поўнасцю на рускай мове. Інфармацыя пра выбарчыя акругі і іншае пададзена толькі па-руску.

    “Абапіраючыся на вышэйсказанае, прапануем вам стварыць і мець на афіцыйным сайце паўнацэнную беларускамоўную версію. Гэта будзе адпавядаць поўнасцю заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Упэўнены таксама, што гэта будзе спрыяць росту аўтарытэту рэгіянальнай дзяржаўнай улады”, — кажуць праваабаронцы.

    Сазонаў, Юргель і Хільмановіч просяць пісьмова паведаміць пра захады і меры, зробленыя ў адпаведнасці з дадзеным зваротам, у вызначаны законам тэрмін.

    Аналагічны зварот назіральнікі падалі і ў Гарадзенскі гарвыканкам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці