Супраць Сяргея Пятрухіна могуць распачаць новую крымінальную справу
Блогер Сяргей Пятрухін атрымаў папярэджанне з аддзела прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста.
У лісце нагадваецца, што Сяргей Пятрухін сёлета ў красавіку быў пакараны буйным штрафам. Тады суддзя Ленінскага раёна Брэста Аляксандр Семянчук, прызнаў блогера вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 188 (паклёп) і ч. 2 арт. 189 (абраза).
У выніку Сяргей Пятрухін мусіць сплаціць 9 180 рублёў (360 базавых велічынь), а таксама дзяржаўную пошліну на 306 рублёў. У якасці пацярпелых па гэтай справе праходзілі чатыры супрацоўнікі Ленінскага РАУС Брэста, якія запатрабавалі матэрыяльную шкоду. Суд вырашыў, што блогер павінен сплаціць Сяргею Ігнацюку — 3 000 рублёў, Дзмітрыю Якушэвічу, Ігару Галянцічу і Сяргею Токуну — па 1 500 рублёў кожнаму. Таксама Сяргей Пятрухін мусіць кампенсаваць выдаткі супрацоўнікаў міліцыі на адвакатаў агулам на 1 000 рублёў.
З папярэджання аддзела прымусовага выканання Ленінскага раёна города Брэста вынікае, што паводле дадзеных на 17 верасня гэтага года за блогерам заставаўся нясплочаны штраф на 6974,78 рублёў. Сяргею Пятрухіну прапанавалі да канца верасня даць звесткі, што штраф сплочаны цалкам.
У выпадку, калі папярэджанне будзе праігнараванае, Сяргея Пятрухіна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад выплаты штрафу паводле артыкула 418 Крымінальнага кодэкса альбо заменяць штраф грамадскімі працамі, — паведамляе судовы выканаўца Пятрэнка.
Сяргей Пятрухін зазначае, што хаця папярэджанне вынесенае 17 верасня, а тэрмін выканання пазначаны 30 верасня, ліст быў перасланы яму на Viberўчастковым інспектарам Ленінскага РАУС Аляксандрам Тарасюком толькі раніцай 2 кастрычніка.
Сяргей Пятрухін кажа з іроніяй, што згодны, каб штраф яму замянілі грамадскімі працамі, бо блогерства ён лічыць сваёй грамадскай дзейнасцю.