Праваабаронца Леанід Судаленка праз суд патрабуе абвяржэння публікацыі на сайце “Рогочев Online”
Гомельскі праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка праз суд патрабуе абвяржэння звестак, якія распаўсюдзіў Дзяніс Дашкевіч з Рагачова ў Facebook, на сваёй старонцы ў “Одноклассниках”, а таксама на сайце “Рогочев Online”. Гаворка ідзе пра публікацыю пад назвай “Новы скандал у апазіцыі: не могуць падзяліць грошы”, перадрукаваную Дашкевічам з іншага рэсурса.
У пазове ў Рагачоўскі раённы суд праваабаронца просіць прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці пяць сцвярджэнняў. Найперш – “Інцыдэнт з крадзяжом сяброўскіх складак прававым інспектарам РЭП Леанідам Судаленкам выліўся ў зацяжны канфлікт інтарэсаў у “Палескай крэпасці” і нават выйшаў на рэспубліканскі ўзровень”.
Судаленка заяўляе таксама, што яго гонар і дзелавую рэпутацыю прыніжаюць сцвярджэнні, што нібыта ён пакрыўдзіўся на грубае параўнанне і “разгарнуў падпольную дзейнасць для пазбаўлення Віктара Казлова пасады абласнога кіраўніка прафсаюза”, “працягнуў на пасаду абласнога лідара ПЦ “Вясна”… Стрыжака, выправіўшы на “пенсіён” Анатоля Паплаўнага”, “настойліва-ультыматыўна дабівае Фядыніча”.
— Ілжывыя пасажы Дашкевіч распаўсюдзіў, па сутнасці, тры разы. Лічу, што гэта не нейкая адзінкавая памылка, а наўмысная абраза і дыскрэдытацыя мяне як чалавека і праваабаронцу. І не важна, што гэтыя пасажы адказчык пісаў не сам — ён іх распаўсюдзіў”, — кажа Леанід Судаленка.
Пазоўца праз суд патрабуе ад Дашкевіча абвяржэння непраўдзівых звестак такім жа чынам, якім яны былі распаўсюджаныя, а таксама кампенсацыі судовых выдаткаў — 76,5 рублёў, звязаных з выплатай дзяржаўнай пошліны.
Дзяніс Дашкевіч, будучы рэдактарам і адміністратарам “Рогочев Online”, ва ўласных публікацыях на сайце піша, што “горад Рагачоў на адзін дзень стане “палітычнай сталіцай” Еўропы”, а разгляд пазову праваабаронцы ў судзе называе “нюрнбергскім працэсам” над “верхавінай” беларускай апазіцыі”.
Судовае пасяджэнне па гэтай справе ў Рагачоўскім раённым судзе прызначанае на 9 кастрычніка.