Аршанскага відэаблогера Змітра Казлова аштрафавалі за ролік на YouTube
Пачатку працэсу давялося чакаць восем гадзін, хаця на разгляд справы суддзя Кацярына Мажэйка патраціла ўсяго 25 хвілін. У выніку суддзя прыйшла да высновы, што Зміцер Казлоў парушыў патрабаванні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў і пастанавіла аштрафаваць яго на 510 рублёў (20 базавых велічынь).
Падставай для штрафу стаў выкладзены на YouTube відэаролік, у якім блогер Зміцер Казлоў, вядомы пад нікам Шэры кот, запрашаў усіх на Кастрычніцкую плошчу, каб сустрэцца з кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.
31-гадовы жыхар пасёлка Барань, што непадалёк ад Оршы, і сам быў зарэгістраваны кандыдатам, але ягоную рэгістрацыю скасавалі за некалькі дзён да выбараў. Акруговая выбарчая камісія вырашыла, што Казлоў падчас агітацыйных пікетаў незаконна выкарыстоўваў плакаты са словамі “Калгаснай дыктатуры — баста” і “Фальшывым выбарам — баста”.
Суддзя Кацярына Мажэйка аштрафавала відэаблогера, не прыняўшы пад увагу тое, што ён і так быў беспадстаўна пакараны арыштам на двое сутак: у суботу, 30 лістапада, яго выклікалі да інспектара Аршанскага РАУС Ліліі Трушко, якая распарадзілася пакінуць яго ў ізалятары часовага ўтрымання да панядзелка 2 снежня.
Сябры Змітра Казлова, журналісты, праваабаронцы, а таксама блогеры з розных гарадоў Беларусі прыйшлі ў суд а 9‑й раніцы. Але ім паведамілі, што разгляд справы адбудзецца ў мясцовым райаддзеле міліцыі. Чатыры гадзіны ўсе чакалі ў пастарунку, пакуль высветлілася, што працэс усё ж такі адбудзецца ў будынку суда а 15.00 паводле раскладу. Насамрэч судовае слуханне пачалося толькі а 17.05. З гэтай нагоды праваабаронцы накіравалі скаргу старшыні Аршанскага раённага суда.
Зміцер Казлоў намераны абскарджваць судовую пастанову і рыхтуецца да наступнага працэсу — 6 снежня яго выклікаюць у суд Маскоўскага раёна Мінска. Блогера зноўку будуць судзіць паводле артыкула 23.34 КаАП (за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах).