За стрым для “Белсата” журналіста выклікаюць у міліцыю
Гомельскі журналіст-фрылансер, сябра ГА "БАЖ" Яўген Меркіс атрымаў sms-паведамленне з патрабаваннем з'явіцца ў аддзел міліцыі Цэнтральнага раёна Гомеля для складання адміністрацыйнага пратакола на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП ("Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі"). Падпісаўся пад паведамленнем участковы інспектар, капітан міліцыі Пётр Грамадцоў.
«Мяркую, што выклікаюць мяне з нагоды стрыму на «Белсат», які я вёў у нядзелю, 7 чэрвеня, з пікетаў па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Лічу гэта непрыхаваным ціскам на мяне як на незалежнага журналіста. І мэта зразумелая: каб ні я, ні іншыя калегі ва ўмовах дзяржпрапаганды не даносілі да людзей праўды пра падзеі, якія адбываецца ў краіне. Зараз тысячы людзей стаяць у чэргах, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Але паказваюць гэта і пішуць толькі незалежныя СМІ», — сказаў карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» Яўген Меркіс.
Пункт 2 артыкула 22.9 КаАП прадугледжвае санкцыі за парушэнне парадку рассылкі абавязковых экзэмпляраў перыядычных выданняў, распаўсюду эратычных выданняў, публікацыі абвяржэнняў, а таксама незаконнага вырабу і распаўсюду прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Артыкул цалкам адносіцца да рэдакцый як юрыдычных суб’ектаў. Аднак акурат апошнюю норму і ўзялі, так бы мовіць, на ўзбраенне праваахоўнікі, каб караць журналістаў-фрылансераў за матэрыялы, якія з’яўляюцца на сайтах і ў эфіры непадкантрольных дзяржаве замежных СМІ.
Фрылансерам прыпісваюць статус афіцыйнага замежнага карэспандэнта і караюць за тое, што яны, не маючы акрэдытацыі ў беларускім МЗС, «незаконна вырабляюць і распаўсюджваюць прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі».
У папярэднія гады Яўгена Меркіса ўжо каралі штрафамі і арыштам за стрымы з акцый пратэсту «недармаедаў», якія праходзілі ў Беларусі на пачатку 2017 года.